Skip to main content

У Віленскай капліцы Маці Божай Вострабрамскай святары з гродзеншчыны цэлебравалі св. Імшу на беларускай мове

11 лістапада ў капліцы цудоўнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай цэлебравалася св. Імша на беларускай мове. Гэта стала магчымым, дзякуючы дням апекі Маці Божай Вастрабрамскай, падчас якіх у капліцы цэлебруюцца св. Імшы на розных мовах свету. Св. Імшу на беларускай мове ўзначаліў кс. Павел Гедройць, дэкан Сапоцкінскага дэканату. У св. Імшы прымалі ўдзел таксама кс. Павел Калеснік і кс. Антоні Казлоўскі, пілігрымы з Беларусі, а таксама беларусы, якія жывуць у Літве.

У гаміліі кс. Павел Гедройць зазначыў, што «да Маці Божай прыходзім усе з розных краін і народаў, каб аддаць пашану і хвалу Маці Міласэрнасці, якая адаруе пад сваім сэрцам Езуса. Сёння прыходзім не толькі прасіць, але дзякаваць за Яе прысутнасць разам з намі, за Яе апеку над нашымі сем’ямі». 

Святар прыпомніў, што «намашчэння кожнага адбываецца пад час хросту, а таму кожны з прысутных з’яўляецца пакліканым да сведчання і дзялення сваёй верай». 

Прыгадаў таксама аб сучаснай, вельмі папулярнай, хваробе «кордыясклерозе», склерозе сэрца. Сімптомы яе заключаюцца ў тым, што людзі забыліся пра Бога, забыліся аб простай любові да бліжнягя чалавека, аб сваёй чалавечнасці. Ксёндз Павел Гедройць, разважаючы на словамі Евангелля, заахвоціў удзельнікаў Імшы быць сведкамі Божай любові і міласэрнасці. «Мы павінны абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім у сучасным свеце. Такім убогім з’яўляецца кожны чалавек, якога Бог ставіць на дарозе нашага жыцця», — адзначыў святар. 

Сваю гамілію святар скончыў малітвай удзячнасці да Маці Божай, у якой гаворыцца: «Прыходзім, каб на Цябе паглядзець і з радасцю ўспомніць, што Ты мая Маці, а Я Тваё дзіця». Завяршылася Імша перад абразом Маці Божай малітвай за Беларусь.