У в. Макараўцы Бераставіцкага раёна адноўлены будынак касцёла Узвышэння Святога Крыжа, які з’яўляецца адным з найстарэйшых помнікаў архітэктуры драўлянага дойлідства на Гродзеншчыне. Аднаўленне святыні амаль што бесперапынна прадаўжалася на працягу 5-ці гадоў. Інцыятарамі аднаўлення быў сам прыход на чале з мясцовым душпастырам кс. Паўлам Беланосам. Прапануем рэпартаж з месца падзеі.
Сама святыня святыня была збудавана маршалкам Гродзенскай шляхты Людвікам Панцажынскім і асвечана 23 чэрвеня 1795 года. Свой кшталт і памеры касцёл захаваў па сённяшні час і мае 22 метры ўздоўж, 15 з паловай метраў шырыні і 7 метраў у вышыню. Касцёл мае тры драўляныя алтары ў стылі класічнага барока. Плоскі знутры дах падтрымліваецца чатырма драўлянымі калонамі.
У часах ваяўнічага атэізму, вернікі, негледзячы на адсутнасць святара здолелелі захаваць касцёл адчыненым. У мінулым стагоддзі, касцёл не меў сур’ёзнага рамонту, аднак увесь час вернікі сачылі за тым, каб будынак не змарнеў. Таму на працягу больш чым 200 гадоў захаваў свой аўтэнтызм.
Для мясцовага святара і парафіян, зрэшты, як і для кожнага каталіка храм з’яўляецца асаблівым месцам сустрэчы чалавека з Богам, сапраўдным і жывым. Тут чалавек можа адпачыць духам, засяродзіцца на больш высокіх, вечных каштоўнасцях.
У кс. Паўла думка аб аднаўленні святыні ўзнікла ад самага пачатку служэння ў Макараўцах, аднак у гэтым часе дзяржаўныя ўлады вярнулі парафіі будынак старога парафіяльнага дома (плябаніі), якім неадкладна трэба было заняцца, таму што не было адпаведнага месца для катэхізацыі (рэлігійнага навучання) дзяцей.
Як распавядае святар, спачатку не было намеру рабіць штосьці з размахам, толькі жаданне, зрэшты не толькі маё, але і вернікаў, каб зрабіць для храма штосьці прыгожае і велічнае.
Дзякуючы гэтаму, на працягу 5-ці гадоў паступова рэалізавалі аднаўленне. Завершвалі адзін этап і распачыналі наступны. Аднак кажа кс. Павел складаней за ўсё распачаць, “Самае важнае зрабіць упэўнена першы крок і з Божай дапамагай мы вырашалі ў працэсе ўзнікаючыя цяжкасці, а таксама мець свядомасць, што ты не сам-насам з пастаўленай задачай. Калі б было інакш, нават і не думаў бы пра ніякія рамонты. Ведаў, што ёсць вернікі на якіх можна лічыць”.
Апрача ахвярнасці і актыўнасці прыхаджан, якія ўнеслі найбольшы ўклад не абыйшлося і без дапамогі ад мясцовага СГК, Валкавыскага мясакамбінату і Міністэрства Культуры і Нацыянальнай Спадчыны Польскай дзяржавы.
Рамонтныя працы распачаліся ад шалявання касцёла звонку, замены вакон, дзвярэй і кансервацыі з частковай заменай паддашных строп.
Адначасова распачаліся працы па рамонце аргана.
Наступным этапам было знешняе маляванне даху і ўнутранае шаляванне. У гэтым годзе была зменена драўляная падлога, лаўкі, зробленыя куранты і электрамагнетычны рухавік на званы. Прыведзена ў добры стан тэрыторыя перад і навокал касцёла (На дадзены момант праводзіцца завяршаючая фаза).
Паводле настаяцеля Макараўцаў, кожны этап прац быў каштоўны і неабходна было пастаянна шукаць фінансы, аднак найбольш каштоўным з усіх, быў рамонт аргана, які часткова быў прафінансаваны Міністэрствам Культуры і Нацыянальнай Спадчыны Польшчы. Каштоўным было таксама ўнутранае і знешняе драўлянае шаляванне.
Мясцовыя вернікі ставіліся да нязручнасцяў падчас аднаўлення з разуменнем і надзеяй, што будзе лепш, прыгажэй. Вядома, што хацелася б як найхутчэй, аднак усе разумелі, што некаторы тып прац патрабуе часу. Гэта асабліва датычыла рамонту падлогі, калі прыходзілася супольна маліцца на адчыненым паветры.
Кс. Павел таксама прызнаўся нашаму карэспандэнту, што падчас замены падлогі, працаўнікі знайшлі кавалак дошкі, на якой было напісана: “Гэтая падлога была пакладзена ў 1896 годзе кс. Тарасевічам. Майстрамі былі Міхал Панасюк, Якуб Пласкоўскі, Ігнат Шарэйка, Антон Койта. Прашу за іх душы адмовіць Анёльскае прывітанне. Напісаў арганіст Ян Туякоўскі”.
Вернікі і пробашч усё ж такі не плануюць затрымлівацца на дасягнутым і плануюць аднавіць тры касцёльныя алтары.
У Гродзенскай дыяцэзіі існуе вялікая колькасць гістарычных будынкаў, якія патрабуюць грунтоўных рамонтаў, аднак кс. Павел не спяшаецца даваць свае парады, для тых, хто хацеў бы ўзяцца за такія адказныя задачы: “Нялёгкая гэта справа, даваць камусьці парады, бо кожная сітуацыя павінна разглядацца асобна. Адно, з чаго трэба распачаць – дык гэта з саліднай малітвы, даверыць усю справу Богу, супрацоўнічаць з вернікамі і размаўляць з імі.
На завяршэнне, кс. Павел выразіў жаданне падзякаваць праз grodnensis.by найперш парафіянам і парафіяльнаму камітэту – галоўным “спонсарам” і памочнікам, Міністэрству Культуры і Нацыянальнай Спадчыны Польшчы, кс. прэлату Яраславу Грынашкевічу, уладам СГК Макараўцы і ўсім людзям, якія падтрымлівалі іх сваімі малітвамі і ахвяраваннямі.
Парафія Макараўцы знаходзіцца на мяжы з Польшчай у Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці і на дадзены момант налічвае 750 чалавек, у большасці сталага ўзросту, якія жывуць у 17-ці мясцовасцях (Трахімы, Лапенеўцы, Пятэльчыцы, Вішнеўка, Пачобуты, Курчоўцы, Макараўцы, Белакозы, Русакі, Рэпаўцы, Праневічы, Кудрычы, Ігнатавічы, Лішкі, Генюшы, Астапкаўшчына, Парэчча). Кс. Павел Беланос, цяперашні настаяцель, нясе служэнне ў гэтай мясцовасці з 2001 года.
Падрыхтаваў кс. Юрый Жэгарын