Skip to main content

Аазіс у Оршы: адмовіцца ад марозіва, кампутара і...сябе

Аазіс? Мяне папрасілі зрабіць рэкламу, каб у наступны раз прыехала больш моладзі. Я не ўпэўнена, што гэтаму месцу патрэбна рэклама, бо зазвычай рэкламуюць тое, што дрэнна прадаецца. Ды і з майстэрствам піяру я незнаёмая.

Назва прамаўляе сама за сябе. Гэта сапраўдны востраў, не толькі на мапе, але і ў жыцці.

Безумоўна, аршанскіі аазіс - гэта частка Беларусі, але калі ты прыязджаеш туды, скончваюцца ўсялякія межы. А асабліва мінулага і будучага. Гэтых двух часоў проста не існуе там, ёсць толькі цяпер і вось тут. Думкі, што будзе заўтра ці было ўчора проста не прыходзяць.

Як сказаў кл. Павел Федаровіч, з кім мы праводзім час, тым і запаўняецца нашае сэрца. Можна было знайсці час для размовы і для весялосці з іншымі, бо было каля 50 маладзёнаў, месца для адасаблення, і, канешне, кожны большую частку дня прысвячаў Яму. Распавядаць пра расклад дня бессэнсоўна, таму што кожны раз ён быў новым.

Спачатку было цяжка: частыя малітвы, якія ішлі па пятах усюды, штодзённыя св. Імшы, канферэнцыі, на якіх гаварылася, нават не гаварылася, а пераконвалася, што Бог цябе любіць.

Першы час думаеш: што яны хочуць ад мяне, як можна паднімаць рукі, калі молішся, што ж падумаюць іншыя, як спадабацца ўсім, уліцца ў "круты" рух, не сказаць непатрэбнага, як тут выдзяліцца... Усе тыя думкі, калі ты прыязджаеш са свайго роднага горада, маленькага свету, з паўсядзённай верай і праблемамі. Той, хто адчуў Яго хоць раз у сабе, зразумее, аб чым я кажу. Дома ёсць людзі, якія адцягваюць цябе ад Яго, турботы тыпу: пасля касцёла я з'ем марозіва, а якое яно будзе: шакаладнае ці клубнічнае, а можа і тое і тое, а вось прыгожы міністрант, а вось новая сукенка Волі, - усё што заўгодна, толькі не Ён. Хіба што так усюды, пакуль ты сам не захочаш убачыць Яго, адчуць, запрасіць да сябе на гарбату.

Кожны зразумее, калі я скажу, што ўсё, што здарылася там са мной, немагчыма перадаць словамі. Гэта сапраўды так. Там цячэ рэальнасць, і яна цудоўная. Цудоўны Днепр праз увесь горад, старая архітэктура і новыя людзі. Я не ведала, дзеля чаго я еду, і што мяне там чакае. Седзячы на гародзе, я зразумела, што ехаць варта. Я не чакала адпачынку, ды і строгай малітвы я не чакала. Найцяжэйшым было пакінуць цёплае крэсла каля камп'ютара і банку з марозівам.

Пазбавіцца ад думак было вельмі цяжкай справай. Першы час я толькі і рабіла, што спрабавала ўпрыгожыць сваю брудную "кватэру". Я кідала туды капліменты, цікавыя кнігі, размовы з новымі людзьмі, сімпатыі. Але сэрца па-старому заставалася брудным і непрыбраным. Я толькі рабіла горш, даючы большую плошчу для пылу. Гэта было непрыемна разумець. Але што я магла зрабіць сама?

На адной з малітваў святар сказаў, што мы нічога не можам зрабіць самі, трэба прасіць у Яго дапамогі. Гэта дапамога прыйшла праз іншых людзей, якія распавядалі пра сваё жыццё, праз малітву; Яго словы, якія прыходзілі ў думках падчас прыватнай размовы з Госпадам.

Прыехаўшы дадому і пішучы гэта сведчанне, я спрабую ўспомніць, што ўсё-ткі кліча туды, што зрабіла аазіс тым месцам, якое не забудзецца ніколі. Людзі? Без іх я б не навучылася бачыць прыгажосць кожнага з іх і ў той жа час сваю непаўторнасць. Элан сказаў: "Кожны па-рознаму трымае крыж". Орша? Без яе да мяне б не прыйшлі ўсе тыя думкі. Яны былі атрыманы мной толькі ў пошуках прыгожага берага, старога будынку ці паштоўкі. Я? Каб там не было майго цела, я б ніколі не ўбачыла, як б'ецца маё сэрца. Бог? Каб не было Яго, не было б нічога.

Вераніка Вельб