Сёння з Касцёла св. Міхала Арханёла ўпершыню ў гісторыі вырушыла пілігрымка Смаргонь-Тракелі, якая лічыць ўсяго 6 чалавек. Пяць клерыкаў Гродзенскай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі разам з кс. Віталіем Сідоркам на роварах плануюць праехаць 420 кіламетраў, каб памаліцца праз заступніцтва Марыі і ўшанаваць яе - святую Маці Божую. Шостая асоба дагоніць таварышаў у апошні дзень.
Прапанова з'явілася нечакана: хлопцы сядзелі на занятках у семінарыі, і раптам адзін з іх - кл. Дзяніс - сказаў, што нядрэнна было б арганізаваць уласную пілігрымку. Астатнія клерыкі цікавую думку прынялі з ахвотай, хоць ячшэ не ведалі, як кажуць, мэты і сродкаў.
Справа была простая: трэба было знайсці чалавека, які б быў духоўным кіраўніком і арганізатарам пілігрымкі адначасова.
На гэтую ролю пагадзіўся кс. Віталій Сідорка. Таму было вырашана, што адразу пасля ўрачыстасці ў Будславе клерыкі вырушаць. Месца адліку - Смаргонь. У "праграме" 420 км дарогі, начоўкі ў палатках, штодзённая малітва і інтэнцыя, вядомая толькі Богу.
Варта адзначыць, што апошняя асоба - клерык Раман, які цяпер не можа вырушыць з усімі, абавязаўся праехаць у пятніцу ўвесь шлях з Гродна да Тракеляў, каб таксама разам з астатнімі памаліцца каля абраза Маці Божай Тракельскай.
Яна Ткачук