Сёння ў Евангеллі Езус вучыць нас, што добра быць і чуць сябе дзіцём Бога, бо менавіта ім Хрыстос паказвае, кім ёсць Бог Айцец: “Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям” (Мц 11, 25).
Можам разумець пад значэннем слова "дзеці" людзей, слабых у веры, якія робяць першыя крокі, каб жыць сапраўды з Богам, а не тых дасканалых людзей, якія вераць у свае сілы. Езус звяртаецца да тых, хто змагаецца са сваімі слабасцямі і грахамі, каб даверылі сваё жыццё Яму, бо Ён, “ціхі і пакорны сэрцам”, дае сапраўдны супакой душы і паказвае, што трэба ўсяму вучыцца ад Яго: “Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне”.
Езус ва ўсім для нас можа быць прыкладам. Яго навука не цяжкая і запаведзі не суровыя. Ён не патрабуе ад нас большага, чым мы маглі б вытрываць, але заўсёды дае сілы і ласку для пераадольвання цяжкасцей, бо ”Ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі” (Мц 11, 30). Толькі нам трэба проста да Яго прыйсці, як Ён і заклікае нас: “Прыйдзіце да Мяне ўсе”.
Так часта мы адчуваем сябе запрацаванымі і самотнымі, не ведаем да каго звярнуцца, бо ніхто не хоча слухаць нас, тым больш дапамагчы – не ведаем, дзе шукаць ратунку. А Ён заўсёды побач, трэба толькі да Яго прыйсці. І мы знойдзем той супакой і любоў, якіх ніхто і нішто не заменяць. Не забывайце, што Езус заўсёды нас чакае і моцна кахае, і толькі досвед Ягонай любові дасць нам сілы, каб нашае жыццё было радасным і каб усе мы сустрэліся ў Небе, каб вечна праслаўляць Бога.
с. Антонія Шэйгерэвіч