Skip to main content

Нігерыя: хрысціяне хочуць супакою

На сілавыя дзеянні ісламскіх фундаменталістаў у Нігерыі хрысціяне адказваюць малітвай. Ва ўсёй краіне трывае шасцімесячная малітва аб супакоі і паяднанні. Яна тым больш патрэбная, што тэрарысты з Бока Харам выконваюць усё больш жудасныя забойствы. Апошні раз яны забілі больш за 100 хрысціян, якія бралі ўдзел у нядзельных набажэнствах.

"У гэтай балючай сітуацыі Касцёл у Нігерыі папрасіў вернікаў аб малітве" - кажа кіраўнік Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у гэтым краі абп Ігнаціус Кайгама. "Сітуацыя вельмі цяжкая. Паўсюдна пануе боязь, правілы дыктуюць тэрарысты, якія ўсё часцей сеюць смерць і жах у розных кутках нашага краю" - падкрэсліў мітрапаліт.

Таму біскупы ўзываюць да агульнай малітвы, бо "гэта вельмі важная сіла".

"Мы перакананыя ў гэтым, бо, негледзячы на розныя яднальныя дзеянні, якія выконвае наша ўлада, супакою яшчэ няма. Экстрэмісты далей праводзяць свае акцыі, і яны ўсё больш крывавыя" - растлумачыў іерарх. Адзначыў, што ён папрасіў аб малітве ўсе сем'і, заахвочваючы іх, каб у кожную суботу адмаўлялі ружанец, просячы аб супакоі праз заступніцтва Марыі. "У гэтай самай інтэнцыі ў кожную нядзелю ва ўсіх касцёлах нашай краіны будзе праводзіцца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Усе разам мы будзем прасіць аб дары супакою для Нігерыі" - сказаў арцыбіскуп.

 

Паводле deon.pl