III Нядзеля Вялікага посту. Кс. Аляксандр Лебядзевіч
Сёння ў Літургіі Слова, мы былі сведкамі гутаркі Езуса з самаранкай каля калодзежа Якуба. Жанчына прыйшла да калодзежа не з духоўных меркаванняў: яна проста прыйшла, як прыходзіла кожны дзень, каб набраць вады, і сустрэла Хрыста. Кожны з нас, можа сустрэць Хрыста ў любым моманце свайго жыцця, нават тады, калі мы занятыя самымі звычайнымі, простымі справамі. Сустрэць Езуса, паразмаўляць з Iм i паслухаць Яго.
Самаранка зразумеўшы, што Бог цяпер сярод людзей, пакінула ўсе зямныя клопаты і кінулася бягом падзяліццa з іншымі радасцю аб тым, Каго яна знайшла. Спачатку яна расказала ім, чаму яна паверыла, а пазней яны самі вызналі, што цяпер вераць не дзеля яе апавядання, але самі пачулі і ведаюць, што Езус сапраўдны Збаўца свету.
Прыклад гэтай простай жанчыны вучыць усіх нас: каб у кожную хвіліну нашага жыцця, выконваючы простыя заняткі і абавязкі, мы былі адкрытыя, каб прыняць Божае слова, прыняць яго ў нашае сэрца, прыняць яго ўсім сваім жыццём, так каб людзі, бачачы, кім мы сталі, маглі паверыць, што Святло прыйшоў у свет.
Просім сёння самарытанку, каб яна навучыла нас і прывяла б за руку да Хрыста, як яна сама прыйшла да Яго; і навучыла нас служыць Яму, як яна ўслужыла Яму, стаўшыся выратаваннем для ўсіх, хто быў вакол яе.