ІII Нядзеля Вялікага посту. Кс. Андрэй Кеўлюк
Сёння мы з Вамі становімся сведкамі плённай і карыснай сустрэчы Езуса Хрыста з самаранкай. Варта на пачатку ўзгадаць пра тое, кім былі самаране.
Яны не прыналежылі ні да адной з габрэйскіх сектаў ці адной з груп народу. Зерне нянавісці паміж самаранамі і габрэямі было засеяна незадоўга пасля іх вяртання з Вавілонскага палону, а канчатковы разлом наступіў у часе праўлення Аляксандра Вялікага, калі на гары Гарызім была пабудавана схізматычная святыня. Святым Пісаннем для іх было толькі Маісеевае Пяцікніжжа. У часы Езуса Хрыста яны налічвалі невялікае згуртаванне людзей, якая жыла пераважна ў Самарыі. Самаране былі монатэістамі і шанавалі Маісея, як прарока, дзякуючы якому, яны маюць Тору, а таксама чакалі прыходу Месіі – новага Маісея.
Цяпер паважаныя, калі мы з Вамі прыгадалі сабе кім былі самаране і якія ў іх былі адносіны з габрэямі, вернемся да разважання сёняшняй Літургіі Слова.
Езус сустракае самаранку каля студні Якуба і ў часе размовы абяцае ёй “жывую ваду, якая стане у тым хто яе п,е крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае” (пар. Ян 4,10.14). Езус звярнуў яе ўвагу на сваю асобу, як на доўгачаканага праз самаран і габрэяў Месію – Ён той, праз каго чалавек знаходзіць яднанне з Богам, праз якога, дзякуючы веры, атрымоўвае доступ да той ласкі, у якой трывае; і чалавек можа ганарыцца надзеяй на славу Божую (пар. Рым 5,1-2).
Дарагія браты і сёстры, кожны з нас таксама сустрэў Езуса Хрыста, як і самаранка з сённяшняга Евангелля – гэтае спатканне ў кожнага з нас было асабістае, непадобнае да іншых: у дзяцінстве, будучы дарослым, а ёсць і такія, хто сустрэў Езуса напрыканцы свайго зямнога жыцця. Нашае спатканне з Богам змяніла нашае папярэдняе жыццё, так было ў Поля Кладэля, Андрэ Фрассара, Джона Генры Ньюмана, Эдыты Штэйн, Джавані Папіні, Фрэдэрыка Шапэна і ў многіх іншых (пра іх навяртанні можна больш даведацца з кнігі “Сейчас важен только он”, Гродна, 2011г.).
Перажываем час Вялікага Посту – час задумы над сваім жыццём і сваімі ўчынкамі, час навяртання. Няхай кожны з нас сустрэнецца з Богам: у сакраманце споведзі, у часе вялікапосных рэкалекцый, набажэнстваў крыжовага шляху, песняў жальбы – няхай час Вялікага Посту у гэтым гудзе будзе асабліва плённым. Кожны з нас для гэтага патрабуе навяртання, патрабуе Божай ласкі, але без нашага ўдзелу ў справе збаўлення нашай душы Бог не зможа нам дапамагчы, бо паважае нашу свабоду.
Благаслаўлёная Маці Тэрэза з Калькуты так піша: “Людзі думаюць, што навяртанне – гэта раптоўная падзея, аднак гэта не зусім так. Нават Усемагутны Бог не можы змусіць да гэтага чалавека. Нават Езус, хоць і быў Богам, не мог навярнуць чалавечыя сэрцы, калі людзі самі гэтага не хацелі.” Далей, сённяшнее Евангелле ўслед за самаранкай, заклікае нас да сведчання іншым людзям, пра нашую сустрэчу з Богам: “Многія самаране з горада гэтага паверылі ў Яго дзякуючы слову жанчыны, якая сведчыла: “Ён расказаў мне ўсё, што я зрабіла”. Таму, калі прыйшлі да Яго самаране, прасілі Яго застацца з імі. І Ён прабыў там два дні. І яшчэ больш людзей паверыла дзякуючы слову Ягонаму” (Ян 4,39-41). Мы з Вамі, паважаныя, можам быць тымі, праз каго Хрыстос растопіць лёд чалавечых сэрцаў. Так, як дзякуючы святому а. Піа, італьянскі скульптар Франчэско Мессіна спаткаў Бога і перамяніў сваё безбожнае жыццё, пра што зрэшты піша: “Першая мая сустрэча з а. Піа адбылася 11 красавіка 1949 года і стала для мяне патрасеннем, якое змяніла маё жыццё, думкі, бачанне свету, а самае галоўнае, давала новае бачанне майго мастацтва. Пасля гэтага спаткання, я быў абавязаны напісаць адкрытае пісьмо ў газету, у якім дзякую Богу за сустрэчу з “сапраўдным Айцом” і завяршае: “Я нарадзіўся 11 красавіка 1949 года. У гэты дзень я нарадзіўся для Божага Валадарства.”
Давайце ж будзем сведкамі Бога, каб як мага больш людзей магло Яго сустрэць у сваім жыцці…