Skip to main content

VІ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

VІ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

У сённяшнюю нядзелю ў літургіі Слова мы разважаем над фрагментам Евангелля, які называецца Нагорнай пропаведдзю Езуса Хрыста. Ізраэльскі народ, які ганарыўся сваім абранствам і не мог прымірыцца са стратай сваёй незалежнасці, пачаў марыць аб прыходзе такога Месіі, Які вызваліць іх ад чужаземнага панавання, адпомсціць усім ворагам, запануе над габрэямі і зняволіць усе народы зямлі, прычым, дасць ім казачны дабрабыт. З такімі марамі аб зямным шчасці яны акружыліі Езуса, чакаючы, што вось-вось ён абвясціць сябе Царом і наступіць гэты шчаслівы час.

І ў адказ на гэтыя іх думкі і пачуцці Хрыстос раскрывае ім Сваё евангельскае вучэнне аб пакоры, у корані разбіваючы іх памылкі. Ён вучыць тут пра тое ж, што казаў Нікадэму: “Неабходна духоўна перарадзіцца, каб стварыць на зямлі Божае Валадарства”. “Калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе сумленнасць кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае...” Уявіце сабе самага правільнага, бездакорнага, рэлігійнага чалавека на свеце з пункту гледжання закону, але без Святога Духа. Недастаткова быць маральна правільным чалавекам. Бог чакае ад нас значна большага: мы павінны быць настолькі чыстымі ў справах і думках, каб нават усемагутны Бог не знайшоў у нас нічога нячыстага. Знешняя пабожнасць, дабрыня, вера, будзе толькі падобная да паставы фарысеяў і кніжнікаў.

Хлопчык пяці-шасці гадоў, гуляючы з бацькамі па лесе, убачыў чысты ручай. Ён напіўся свежай вады, а потым, дзеля забавы, узяў у рукі галінку і пачаў каламуціць яе. Дно ручая было землянiстым, і таму, на паверхню адразу падняўся пясок, апалае лісце і рознае смецце. Некалі празрыстая вада стала непрыдатная для піцця. Малому хутка перастала падабацца глядзецца ў брудную ваду ручая. Ён кінуў туды галінку і пабег да мамы.

А дзесьці высока, у гарах, другі хлопец забаўляўся з горным ручайком. Ён таксама хацеў, каб памутнела вада, але дно ручая было камяністым, і ён, зламаўшы галінку, пабег далей, нічога не дамогшыся. Струмень быў чысты, як і раней.

Падобна гэтаму, некаторыя людзі вонкава здаюцца добрымі і спагаднымі, як чысты ручай. Але паспрабуй хоць неспадзявана пакрыўдзіць такога чалавека і ўбачыш, як са дна душы ўсплывуць ганарлівасць, дробязнасць, ганарыстасць і старыя крыўды, падобна ціне і смеццю ў лясным ручаі. Калі ж чалавек пастаянна павучаецца ў Слове Божым і думае пра Высокае, то паступова прыклад пакоры Хрыста гартуе, робiць чалавека пакорным і моцным, цярпялiвым, аб якога ламаюцца, як трасцінкі аб камень, ўсякая чалавечая злосць і непрыязнасць.

Ян XXIII аднойчы сказаў, што чалавек з'яўляецца вялікім, калі ён становіцца на калені, каб памаліцца. Ці можам мы дазволіць сабе такую велiч у сённяшні дзень?