Святочная сустрэча для медпрацаўнікоў Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы адбылася 26 снежня, у другі дзень святкавання Божага Нараджэння. Больш за 40 супрацоўнікаў з розных аддзяленняў, якія адзначаюць гэтае свята па каталіцкім календары, сабраліся ў сваім прафесійным коле на сустрэчу з кс. Юрыем Беганскім, які з’яўляецца капеланам Лідскай ЦРБ. Святар пажадаў усім прысутным мудрасці, цярпялівасці і пакоры.
Кульмінацыяй сустрэчы стала традыцыйная калядная цырымонія – ламанне аплатка (прэсны белы хлеб, асвячаны ў храме). Пры гэтым прынята дзякаваць адзін аднаму, прасіць прабачэння і жадаць чаго-небудь. Калегі гаварылі адзін аднаму цёплыя словы і жадалі ў першую чаргу здароўя. На столькі, на колькі гэта было магчыма, была створана святочная атмасфера: белы абрус сена пад ім, імправізіраванная елка, калядныя спевы.
“Духоўная падтрымка ў нашай працы вельмі важная,” – гаворыць Галіна Алейзаўна Якімовіч, галоўная медсястра Лідскай ЦРБ, - “Вера дапамагае пацыентам лягчэй пераносіць хваробы, якія прыводзяць іх у бальніцу. Нам жа яна дае сілы дапамагаць людзям, быць яшчэ больш спагадлівым і, што называецца, лячыць словам.”
У хуткім часе на тэрыторыі ЦРБ пачне дзейнічать каталіцкая капліца. Праваслаўная малельня-пакой існуе ўжо некаторы час. Гэта значыць, што ў будучыні сустрэчы пацыентаў і персаналу са святарамі стануць яшчэ больш частымі.