У мінулую нядзелю, 24 лістапада, ва ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, завяршыўся Год веры, абвешчаны 11 кастрычніка 2012 г. папам Бенэдыктам ХVI. Імшу ў катэдральным касцёле ўзначаліў біскуп гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Ён, звяртаючыся да вернікаў, спачатку нагадаў, што гэтая нядзеля з’яўляецца апошняй у літургічным годзе і звярнуў увагу на тое, які тэкст падае нам літургія Слова: “…Слухаючы Евангелле паводле св. Лукі, аб укрыжаванні Езуса, кожный з нас прагне з глыбокай верай вызнаць, што Ён з’яўляецца маім Валадаром і Госпадам, Збаўцай і Сябрам...”
Падчас казання, наш біскуп даволі дакладна пазначыў тое, чаму мы ўрачыста адзначаем заканчэнне Года веры: “Заканчэнне Года веры не з’яўляецце заканчэннем якога-небудзь часу ў Касцёле, але важным момантам ў жыцці католіка, каб ён, рашэннем веры, абнавіў і ў поўнай вольнасці цалкам даверыўся Богу…,” і тое, чаму так моцна патрэбна Евангелізацыя, асабліва ў нашыя часы: “Езуса нельга схаваць, Яго трэба нясці другім: сабой, культурай Духа, радасцю сэрца, жэстамі і справамі, а інакш вера памірае, а часцей за ўсё, становіцца эгаістычнай і жорсткай.”
Трошкі пазней наш іерарх, ставячы прыкладам святых патронаў нашай дыяцэзіі: св. Казіміра і св. Максімільяна Марыя Кольбэ, заклікаў вернікаў напаўняць сваё жыццё святлом праз малітву і евангелізацыю, цалкам аддаўшыся апецы Маці Божай.
Таксама Яго Эксцэленцыя закрануў такое пытанне: як жыць далей, калі Твая вера сапраўды прачнулася, і што рабіць, каб не згубіть таго жывога пачуцця Бога ў сваім жыцці: “…Трэба знайсці час для Бога і для сваіх родных, а ў іншых выпадках панясём страты. Трэба вучыцца мысленню, заснаванаму на Святым Пісанні і катэхізісе. Кожны дзень будзем заклікаць Духа Святога, каб Яго святло і сіла садзейнічала нам ў паглыбленні нашай веры, даванні сведчання і адданасці Яму ў сваім штодзённым жыцці.”
Ахвяраванні падчас літургіі традыцыйна ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету збіраліся на ўтрыманне Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Падрыхтаваў Уладзімір Крупенка