Skip to main content

На другі канец свету …за верай

13“Мы раздавалі хлеб бедным і маліліся разам з імі”… Незвычайнымі ўражаннямі ад падарожжа ў Бразілію падзялілася з намі Людміла Чаканава, якой у саставе невялікай групы гродзенскай моладзі пашчасціла пабываць на Сусветных Днях моладзі. Давайце разам з ёй яшчэ раз прыгадаем гэтую нетрывіяльную падзею і заахвоцімся прыняць удзел у наступных днях моладзі, тым больш што адбудуцца яны ў 2016 годзе ў Кракаве.

Што гэта за прыгода такая адбылася з Вамі? Ці спадзяваліся Вы калі-небудзь трапіць на другі канец свету? Як гэта здарылася?

У думках усё пачалося яшчэ на Сусветных Днях моладзі ў Мадрыдзе, калі Папа Бенедыкт XVI аб’явіў, што наступная сустрэча адбудзецца ў Рыо. Але тады ўсё гэта было яшчэ так далёка ад рэчаіснасці, што здавалася застанецца толькі ў марах…

Нас з Гродзенскай дыяцэзіі паехала дзевяць чалавек і адзін ксёндз, вікарый з парафіі Адшукання св. Крыжу ў Гродне Ян Раманоўскі. А так, у асноўным, група складалася з моладзі душпастэрства “OPEN”. Яго кіраўнік, ксёндз Антоній Грэмза сказаў, што трэба арганізаваць невялікую групку моладзі, каб паехаць у Бразілію на сустрэчу з Папам! Ксёндз Антоній, хоць на жаль і не паехаў з намі, але прыняў вельмі значны ўдзел у тым, каб гэты выезд усё ж такі адбыўся.

Дарэчы, была сярод нас і адна маладая сужэнская пара. У Рыо-дэ-Жанэйра да нас далучылася яшчэ адна дзяўчына з Гродна, якая прыляцела да Бразіліі раней, а пакінула яе пазней.

Канешне, гэтае падарожжа у Бразілію – незабыўнае здарэнне ў маім жыцці. Я ўжо шмат дзе была, але так далёка яшчэ ніколі.ludmila

Гавораць, вы былі галоўным арганізатарам самой дарогі? Ці цяжка было ўсё арганізаваць? І што Вам прыйшлося арганізоўваць асабіста?

Так, мне было даручана займацца арганізацыйнымі пытаннямі: рэгістрацыяй удзельнікаў, планаваннем дарогі, пакупкай білетаў, афармленнем віз, перапіскай з прымаючай стараной. Усё гэта трэба было паспець зрабіць адносна за невялікі адрэзак часу. І паколькі я цяпер дзялюся сваімі ўражаннямі на конт прабывання ў Бразіліі, можна лічыць, што вырашэнне арганізацыйных пытанняў нам удалася.

Візы у Бразілію трэба было афармляць у Варшаве. А маршрут пералёту быў наступны: Масква – Дубай – Сан-Паўла. Да Масквы мы ехалі цягніком з Мінску 12 гадзін. З Масквы да Дубая ляцелі 5 гадзін, з Дубая да Сан-Паўла – 14 з паловай гадзін.

Што было для Вас самым цікавым падчас падарожжа? Што асабліва запомнілася? Якія моманты, словы, сустрэчы?

Перад асноўнай сустрэчай з Папам у Рыо у пілігрымаў была магчымасць правесці так званы тыдзень місій у любой парафіі Бразіліі. Наша група правяла гэты тыдзень у самым паўднёвым штаце Бразіліі – Рыо Грандэ до Суль. Тут нас сустрэлі як самых лепшых гасцей. Як толькі мы прыехалі раніцай у Вакарыю – гэта першы гарадок, дзе нас прымалі – нас адразу завезлі у мэрыю, каб пазнаёміцца і прывітацца з мэрам.

Гэта быў сапраўдны “місійны” тыдзень. За некалькі дзён мы наведалі шмат парафій. Былі ў дзіцячым доме, дзе жывуць дзеці, чые бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Былі таксама ў рэабілітацыйным цэнтры для людзей, залежных ад алкаголю і наркотыкаў. Наведалі найбяднейшыя раёны, дзе мелі магчымасць раздаць людзям хлеб і памаліцца з імі разам.

Чым уразіла Вас Бразілія, бразільцы? Вы ведалі нешта пра гэту краіну? Яна супала з чаканнямі?

Увогуле, напэўна, найбольшае ўражанне ў мяне засталося ад саміх бразільцаў – людзей, якія, нягледзячы на матэрыяльнае становішча, гатовыя былі дзяліцца з намі усім, хоць бы добрым настроем, шчырай усмешкай і цёплым абдымкам.

Для мяне заўсёды было цікавым тое, як жывуць католікі ў іншых краінах, як яны перажываюць сваю веру, якое месца яна займае у іх жыцці. Адказ на гэтыя пытанні я знайшла для сябе, калі ў адной маленькай парафіі святар расказаў, як у іх узнікаюць новыя вёскі. Спачатку на новым месцы людзі будуюць капліцу, затым робяць футбольнае поле, затым будуюць школу, а ўжо потым пачынаюць сяліцца.

Што асабіста для Вас азначала сустрэча з Папам (і ўвогуле ўдзел у Сусветных Днях Моладзі)? Ці бачылі Вы Папу Францыска?

Ведаеце, цяжка неяк падсумаваць усе мае перажыванні. Кожны дзень у Бразіліі быў поўны рознымі планамі і нечаканымі здарэннямі. Напрыклад, незапланаваны дзень у Сан-Пауло, альбо наша падарожжа на гару Каркавада да фігуры Езуса Адкупіцеля. Але канешне найбольш запамінальнай падзеяй была сустрэча з Папам Францыскам, падчас якой я, як прадстаўнік Беларусі, знаходзілася ў віп-зоне каля самой сцэны. Адсюль было відаць як на далоні ўвесь пляж Капакабана, запоўнены моладдзю з усяго свету. Быць тут, так блізка першага намесніка Езуса на зямлі, было асаблівай ласкай для мяне.

Падчас гэтай сустрэчы ў Рыо Папа Францыск не раз падкрэсліваў тое, што кожнаму католіку, кожнаму маладому веруючаму чалавеку трэба ўмець дзяліцца сваёй верай. Таму я жадаю сабе і ўсім тым, хто ўдзельнічаў у Днях моладзі асабіста, а нават тым, хто іншым чынам назіраў за падзеямі ў Рыо, каб мы не закрылі свае сэрцы на гэты заклік Папы.