XVІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч
Гісторыя Марты і Марыі здаецца такой штодзённай і знаёмай для кожнага чалавека, бо, як кажуць бібліісты, у кожным з нас, у нашых сэрцах жыве і Марта, і Марыя.
Мы любім быць актыўнымі, заўсёды штосьці робім, кудысьці спяшаемся, і няма ў нас ні хвіліны пакою. Мы хочам зрабіць усё адразу і хутка, а ўжо потым…потым знайсці час памаліцца ці пайсці да касцёла. Гэта пастава Марты.
А вось Марыя, чытаем, “сядзела ў ног Пана і слухала Яго словы”.
Мы ведаем, што калі Бог будзе на першым месцы, то і ўсё іншае будзе на сваім. Калі сапраўды я буду шукаць Пана кожны дзень, распачынаць кожны дзень з Панам – я паспею зрабіць ўсё своечасова.
Як жа часта цяпер нам не хапае адвагі выбраць тое, што ўвасабляе сабой Марыя – самае галоўнае, патаемнае. Наша праца і абавязкі не павінны нас цалкам паглынаць. Мы не павінны забываць аб тым, што найважнейшае ў жыцці – слухаць Пана.
Езус робіць заўвагу Марце не таму, што яна прыслужвае, але таму, што на гэтым сканцэнтравана ўся яе увага, што не дазваляе ёй убачыць справы больш важныя.
Жадаю вам, каб у сваім жыцці вы выбіралі паставу Марыі, якая абрала тое, што найлепшае. Шукайце Пана ў сваім жыцці і слухайце Яго словы, каб жыць згодна з імі.