Skip to main content

XІV Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

V Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

На мінулым тыдні мы з Вамі, дарагія браты і сёстры, разважалі над тэмай паклікання да святарства і манаскага жыцця. Сёння Езус Хрыстус звяртаецца да кожнага хрысціяніна з просьбай аб малітве ў інтэнцыі пакліканняў: “Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё”. І вось ужо на працягу дзвюх тысяч год Святы Касцёл узносіць да Неба просьбы аб пакліканнях да службы Богу і людзям у стане святарскім альбо манаскім. Асаблівым чынам робіць гэта кожны першы чацвер месяца ў часе Святой Імшы і перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам.

Хацеў бы, дарагія, каб кожны з нас задаў сабе некалькі пытанняў:

“Як часта я прашу Бога аб новых пакліканнях?

Як часта я малюся ў інтэнцыі сваіх святароў: ксяндза-пробашча, ксяндза-вікарыя, сясцёр законных?

Ці ўдзельнічаю я ў першы чацвер месяца на Святой Імшы, калі Касцёл моліцца ў інтэнцыі пакліканняў?

Ці можа ўвогуле гэтага на раблю, а толькі крытыкую, наракаю?”.

Хацеў бы вам прыпомніць просьбу папы Францішка, якую ён вымавіў на пачатку свайго пантыфікату: “Будзьце блізка вашых святароў з любоўю і малітвай, каб заўсёды былі Пастырамі паводле Божага сэрца”. Вельмі простыя, але як жа значымыя словы ў сённяшнім свеце, калі ідзе вайна з Касцёлам, з маральнымі каштоўнасцямі, якія маюць абавязак бараніць Касцёл з Права Божага, калі патрэбныя тыя, хто будзе абвяшчаць Добрую Навіну аб Збаўленні. Напэўна, вельмі добра гэта разумелі нашы бабулі і дзядулі, нашы бацькі, якія ў цяжкія часы атэізму, нягледзячы на забарону і пакаранне, якое яны маглі і атрымлівалі за сваё сведчанне веры, маліліся ў інтэнцыі сваіх святароў, баранілі іх ад зняволення, а таксама ўзносілі свае малітвы ў інтэнцыі новых пакліканняў. І менавіта тады, у цяжкія для Касцёла часы, семінарыі былі перапоўненыя жадаючымі пасвяціць сваё жыццё служэнню Богу і людзям.

А цяпер нешта змянілася…

Не хачу нікога абразіць, але толькі заахвоціць да малітвы аб новых пакліканнях. Упішыце ў план сваіх штодзённых малітваў просьбу і малітву аб пакліканні, можа з вашай сям,і, з вашай парафіі. Бярыце ўдзел у супольных малітвах у інтэнцыі пакліканняў у першы чацвер месяца, ахвяруйце ў гэтай інтэнцыі прыняцце Святой Камуніі.

Кожны з нас праз Сакрамант Святога Хросту быў прыняты да Вялікай Сям’і дзяцей Божых, і кожны з нас мае абавязак малітвы адзін за аднаго, дапамогі адзін аднаму.

Апостал Павел у сваім лісце да Эфесцаў піша аб разнастайнасці пакліканняў: “Ён паставіў адных Апосталамі, другіх Прарокамі, іншых Евангелістамі, а яшчэ іншых пастырамі і вучыцелямі на ўдасканаленне святых, на патрэбы служэння, на збудаванне Цела Хрыстовага” (Эф 4,11-12). Бог кожнаму дае тое ці іншае пакліканне, і кожны з нас, калі хоча быць ШЧАСЛІВЫМ, павінен прыкласці намаганні, каб яго выканаць, а людзі, якія знаходзяцца побач, павінны яму ў гэтым дапамагчы праз добрае слова, чын і сваю малітву.

Я, як святар, дзякую Пану Богу за тое, што Ён паклікаў мяне да святарства, але таксама разумею, што гэта не мая заслуга, а Яго воля і малітва людзей аб святары, і што я павінен прыкласці ўсе намаганні, каб не змарнаваць атрыманага ад Бога праз просьбу людзей дару.

У кнізе прарока Захарыя знаходзім словы: “…пакараю пастыра, і рассеюцца авечкі…” (За 13,7б). Кожная парафія павінна мець свайго пастыра, які будзе пільнаваць давераных яму Богам людзей і будзе пільнаваць, каб Божыя авечкі не рассеяліся і не адышлі ад праўдзівай веры.

Хацеў бы заахвоціць Вас, каханыя ў Хрысце Пану браты і сёстры, да малітвы за сваіх святароў, мы ў гэтым маем вялікую патрэбу. Бо кожны з нас пастаўлены ў той ці іншай парафіі, каб дапамагаць людзям знаходзіць Бога і быць пастырам у дарозе да Неба.

Я асабіста ведаю, што за мяне моліцца перш за ўсё мая бабуля і матуля, а таксама людзі, якіх я спаткаў у сваім святарскім служэнні. З папярэдняй парафіі я маю Маргарытку, апастольства людзей, якія штодня ўзносяць свае малітвы да Бога за мяне. Усім ім я вельмі ўдзячны за малітву, бо яна дапамагае мне ў маёй святарскай працы.

Маліцеся за вашых святароў, якіх Бог паставіў на Вашым шляху да Неба, а таксама ў інтэнцыі новых пакліканняў…