Skip to main content

Прынята рашэнне пабудаваць у Беларусі каталіцкі духоўна-адукацыйны цэнтр – А. Лукашэнка

taranСёння ў Мінску адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардыналам Жанам-Луі Таранам, які прызначаны Святым айцом легатам на юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе.

Падчас сустрэчы размова ішла аб супрацоўніцтве вядучых канфесій ў Беларусі. Прэзідэнт падкрэсліў, што паміж імі склаліся канструктыўныя і спрыяльныя для дзяржавы адносіны“ і выразіў задавальненне, што “мы змаглі забяспечыць міжканфесійны мір і стабільнасць” , перадае агенцтва інтэрфакс.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі шмат робіцца для двух цэркваў. Ён прыгадаў, што нядаўна было прынятае рашэнне аб будаўніцтве ў Беларусі каталіцкага духоўна-адукацыйнага цэнтра. Акрамя таго, ён адзначыў, што ”важна, каб каталіцкія святары былі грамадзянамі Беларусі”.

Таксама кіраўнік нашай дзяржавы запэўніў прадстаўніка Ватыкану ў тым, што каталіцкая канфесія і далей будзе займаць годнае месца ў Беларусі, а грамадзяне краіны будуць мець усе магчымасці для рэалізацыі сваіх рэлігійных перакананняў.

Сёння у Мінску кардынал правядзе некалькі сустрэч. У Дварцы рэспублікі адбудзецца прыём у гонар легата, на які запрошаны замежныя дыпламаты, рэктары вузаў, кіраўнікі ўстановаў. 5 ліпеня кардынал прыбудзе ў Будслаў, дзе звернецца да каталіцкай моладзі. 6 ліпеня ў Будславе кардынал Таран адправіць святую імшу. 7 ліпеня кардынал адправіць святую Імшу у Мінскім архікатэдральным касцёле разам з усімі каталіцкімі біскупамі Беларусі. Магчыма адбудзецца таксама сустрэча з мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Патрыяршым Экзархам усёй Беларусі Філарэтам.