Skip to main content

Вера, як жыццёвая прагода. Спалучэнне духоўнага і фізічнага аспекта перажывання III дня парафіяды

img 3159 thumbПраграма трэцяга дня парафіяды аб’ядноўвала спаборніцтвы пад агульнай назвай “Спорт”, якія праходзілі на гродзенскім гарадскім цэнтральным спартыўным комплексе “Нёман”. Спаборніцтвы распачала св. Імша у касцёле ў мікрараёне Паўднёвы, падчас якой удзельнікі разважалі над малітвай “Ойча наш”, якой нас навучыў Езус Хрыстус.

Кс. Павел Аліскевіч, духоўны арганізатар парафіяды, засяродзіўся асаблівым чынам у гэтай малітве над актуальнасцю прабачэння ў людскіх узаемаадносінах. “Езус Хрыстус вельмі сур’ёзна ставіць патрабаванне прабачэння. Прабачэнне з’яўляецца адной з галоўных хрысціянскіх праўдаў, таму што мы ўсе жывем і дзейнічаем у грамадстве і рызыкуем быць уцягнутымі ў розныя канфлікты і непаразуменні”. Кс. Павел сказаў, што вельмі важна зразумець, якую паставу займаць у такіх сітуацыях. Ці чалавек уцягнуты у канфлікт будзе трымаць злосць на другога, ці будзе імкнуцца з дапамогай Божай праз малітву – дыялог з Богам прабачыць і паяднацца з бліжнім. У размовах даволі часта даводзіцца пачуць такія словы на рускай мове: “Простить можно, но забыть нельзя”, якія пэўным чынам паказваюць нам сутнасць чалавечай слабасці і жаданне пісаць “сваё евангелле”, а не Хрыстовае “Евангелле прабачэння і любові”. Бог дапускаючы выпрабаванні у постаці праблемаў у міжасабовых узаемаадносінах адначасова дае выдатную магчымасць перамяніць паразу ў нашую перамогу над заганай.

Многія ўдзельнікі спаткання з нецярпеннем чакалі чакалі гэтага дня праграмы “Святыня-Стадыён”, каб паказаць сваю фізічную форму і любоў да спорта. У спартыўным комплексе “Нёман” праводзіліся спаборніцтвы па футболу, скачках у даўжыню, бадмінтону, настольнаму тэнісу, кіданню мяча, шашкам, забегам на 60 і 100 метраў і бегам па перасечанай мясцовасці.

Упершыню, падчас трэцяга дня парафіяды, для тых, хто не ўдзельнічае ў спартыўных спаборніцтвах ёсць выдатная магчымасць паразважаць над Божым Словам і падзяліцца сваімі духоўнымі перажываннямі ў аніматарскіх групах. Асноўная тэма такіх разважанняў праходзіць пад дэвізам “Вера як жыццёвая прыгода”.

Дзень завершыўся не менш прыемнымі пунктамі праграмы адкрытым вечарам, на якім са сваім канцэртам выступіў музычны гурт "Maй" з Квасоўкі, і вячэрняй малітвай.