Skip to main content

XІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шейгерэвіч CSFN

XІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шейгерэвіч CSFN

У сённяшнім урыўку Евангелля Езус паказвае Сябе як сябра грэшнікаў, як і гаварылі тады аб ім фарысеі. І вось Хрыстос ідзе ў гасціну да фарысея., бо прабачэння патрабуюць не толькі грэшнікі і мытнікі, але і фарысеі, якія скрупулёзна захоўваюць усе наказы Права.

Фарысей не вельмі задаволены тым, што ў яго доме знаходзіцца грэшная кабета. Нездарма Езус расказвае яму гісторыю аб даўжніках: каму больш даравана, той больш мілуе. Жанчына-грэшніца абмыла сваімі слязьмі ногі Езуса, валасамі сваімі выцерла іх і намасціла алеем – і ўсё гэта паказвае яе вялікую веру ў Езуса, але таксама і яе любоў да Яго. Вось гэтага і не хапае фарысею. Хрыстос паказвае нам, што ў жыцці важна не толькі захоўваць усе наказы. Бог чакае ад нас большага – любові: тады, калі мы будзем Яго любіць, мы будзем і захоўваць усе наказы Бога.

Варта паглядзець на сваё жыццё праз прызму гэтай гісторыі. Ці захоўваю я загады Бога, бо Яго люблю? А можа Яго баюся?.. А можа гэта традыцыя?..

Падчас рахунку сумлення можна прааналізаваць, ці я разумею, што тое, што Бог прабачае мне грахі, гаворыць аб Яго бязмежнай любові да мяне. Ён памер на крыжы і абмыў мяне ў сваёй крыві. У Яго ранах – маё збаўленне. Ці дзякую я Богу за Яго любоў, і як я адпавядаю на яе?