IX Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шейгерэвіч CSFN
Сённяшняе Евангелле багатае зместам. Паглядзім спачатку на горад, ў якім Езус чыніць цуд: Капернаум – “месца пацяшэння”. Можам запытаць сябе, што ў маім сэрцы патрабуе Божага ўцяшэння? Дзе я шукаю пацехі, у чым ці ў кім?
Бог прыходзіць да нас як Бог радасці. У аднаго сотніка быў слуга, які хварэў, а нават ужо быў пры смерці. Можа і я хварэю, можа не фізічна, а духоўна, можа душа не жыве поўным жыццём, яна падзелена. Трэба паразмаўляць з Панам аб сваіх духоўных хваробах (грахах, слабасцях, залежнасцях) і мець такую веру, як гэты рымскі воін. Мы не павінны сумнявацца, што і сёння Хрыстос здзяйсняе цуды, калі Ён прабывае у нас, калі мы прымаем Яго ў святой Камуніі.
Можа ў маім асяроддзі або ў маёй сям’і ёсць людзі, якія таксама патрабуюць дапамогі – духоўнага або фізічнага выздараўлення. Што я раблю для гэтых людзей? Ці звяртаюся да Бога і прашу за іх? Ці адчуваю адказнасць за іх?
Самога Езуса здзівіла вера сотніка, які праз сваіх сяброў перадаў Хрысту словы, якія мы кажам падчас кожнай Святой Імшы: “Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў да мяне, але скажы толькі слова і будзе аздароўлены слуга мой (душа мая)”. Рымскі воін зразумеў, што моц і цуда Езуса маюць сваю крыніцу ў дасканалай паслухмянасці Хрыста Богу Айцу.
Ці ў сваім жыцці я прыкладаю ўсе намаганні, каб выконваць запаведзі?
Ці ўдзельнічаю кожную нядзелю ў Святой Імшы і прымаю Святую камунію?
Ці размаўляю з Богам як са сваім найлепшым сябрам?
Ці чытаю Святое Пісанне?
Менавіта так будзе праяўляцца мая паслухмянасць волі Божай. Тады і ў маім жыцці Езус будзе чыніць цуды разам са мною.