Skip to main content

Спасланне Святога Духа. Кс. Андрэй Кеўлюк

Спасланне Святога Духа. Кс. Андрэй Кеўлюк

Езус прыходзіць да сваіх вучняў каб зрабіць іх мужнымі сведкамі веры ва Уваскрасенне, каб кожны з іх мог вырвацца з путаў страху і недаверу. Вырвацца з усяго таго, што вельмі часта трымае кожнага з нас, людзей жывучых у дваццаць першым стагоддзі. Страх чыніць нас рабамі. Як часта мы ставім сабе пытанні: “Што пра мяне скажуць? Што пра мяне падумаюць? Што мне будзе, калі я буду адстойваць праўду? Калі стану ў абороне пакрыўджанага?”, - і яшчэ мноства пытанняў. Страх пануе у нашых сэрцах. У часе дзён моладзі апостальскі нунцый, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў часе пропаведзі запытаўся ў моладзі і даў адказ: “…Ці ведаеце, якая найвялікшая небяспека, якая змушае нас адчуваць сябе смутнымі і дэпрэсіўнымі? Гэта страх. Страх, што хтосьці нам можа зрабіць штосьці злое. Хтосьці можа перашкаджаць таму, каб мы былі разам, хтосьці можа быць нашым ворагам. І у тыя моманты, калі прыходзіць такая спакуса, трэба падняць галаву, паглядзець у вочы іншага чалавека і сказаць: Бог мяне любіць”. І гэта самая галоўная праўда. Наколькі нам цяжка яе прыняць. Часта, нажаль, і ў нас хрысціян “наша хата з краю”. Сённяшнее Евангелле павінна нам , дарагія, даць сілу і падбадзёрыць нас , бо ўсё тое што часта перажываем мы з вамі, перажывалі і Апосталы. Заўважце, што “…дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі…”(Ян 20,19). У іх таксама быў страх, але Езус сваім прыходам дадае ім адвагі “Супакой вам!”, кажа Ён, пасля таго, як вучні пераканаліся, што гэта Езус, наступае момант паслання вучняў “Як паслаў мяне Айцец, так і я пасылаю вас”. Езус сваім прыходам паказаў вялікі клопат Бога пра сваё тварэнне.

Кожны з нас таксама з’яўляецца апосталам Езуса Хрыста, апосталам, які мае абавязак абвяшчэння Евангелля ў асяроддзі дзе жыве, вучыцца, працуе. Многія з Вас, дарагія чытачы нашага каталіцкага парталу, неаднаразова чулі такое выказванне, што Езус патрабуе нашых ног, каб дайсці да чалавека, патрабуе нашых рук, каб дапамагаць людзям, патрабуе нашых сэрцаў, каб “радавацца з тымі хто радуецца і плакаць з тымі хто плача” і суцяшаць іх. “Людзі адчуваюць, чакаюць, жадаюць пачуць словы любові Божай, але няма чалавека, які гэта будзе казаць. І вось гэта - ваша справа: паказаць сябе і гаварыць аб тым, што ў цябе ёсць, якое жаданне ёсць у тваім сэрцы, што ты адчуваеш самым важным у жыцці? Ты проста скажаш: гэта Езус Хрыстус ці Бог з табой, Бог, які цябе любіць, хоча, каб ты быў перапоўнены радасцю, шчаслівы на векі вечныя. Вось так, проста (Дыяцэзіяльныя дні моладзі 2013, апостальскі нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці).

Многія з нас атрымалі сакрамант Канфірмацыі, які ўмацаваў нас у вызнаванай веры. Мы атрымалі дары Духа Святога: Мудрасці, Розуму, Рады, Мужнасці, Умеласці, Пабожнасці, Боязі Божай, якія, таксама як Апосталаў у Вячэрніку, умацавалі кожнага ў вызнаванай веры. Дары Святога Духа не можна пакінуць толькі і выключна сабе, але мы маем абавязак дзяліцца імі. Папа Францішак піша ў твітары: “Дух Святы перамяняе нас насамрэч і хоча таксама праз нас перамяніць свет, у якім мы жывем”, “Падчас крызісу важнай справай з’яўляецца не закрывацца ў сабе, але быць уважлівымі на патрэбы іншых” .

Няхай людзі, якіх мы сустракаем ў нашым штодзённым жыцці скажуць, як сказалі сабраныя ў Ерузалеме: “… мы чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра вялікія Божыя справы”. “Бо ўсе мы адным Духам ахрышчаныя ў адно цела, юдэі ці грэкі, нявольнікі ці свабодныя, і ўсе напоены адным Духам”.

Няхай кожны за нашым папам Фрынцыскам задасць сабе пытанні: “Ці я верны Хрысту ў сваім штодзённым жыцці? Ці я здольны паказваць маю веру з павагай, але і з адвагай?”