Спасланне Святога Духа. С. Антонія Шэйгерэвіч CSFN
Без дапамогі Духа Святога, як піша апостал Павел, мы не ў стане сказаць, што: Панам нашым ёсць Хрыстос, не кажучы ўжо пра тое, каб ісці і прапаведваць Евангелле. Толькі тады, калі вучні прынялі Святога Духа, страх пакінуў іх – выйшлі са сваёй замкнёнай прасторы і сталі прамаўляць на розных мовах так, што людзі з розных краін (якія ў гэты час знаходзіліся ў Ерусаліме) чулі на сваёй роднай мове аб Богу і са здзіўленнем задавалі адзін аднаму пытанне: Што гэта?
Давайце запытаем самых сябе, што для мяне азначае спасланне Духа Святога. Толькі ўспамін важнага моманту з даўніны, або я сёння, кожны дзень перажываю зыход Святога Духа ў маім жыцці.
У Евангеллі мы чытаем, што Хрыстос “Дыхнуў на іх і кажа ім: Прыміце Духа Святога” (Ян 20, 22), як пры стварэнні чалавека Бог Айцец яго ажывіў, так і сёння Святы Дух па новаму нас стварае, пасля кожнага сакраманту пакаяння. Ён стварае нас па-новаму дзеля таго, каб мы ўзмацняліся і ўдасканальваліся ў любові да Бога.
Хрыстос кажа ў Евангеллі: “Супакой вам!” Супакой – дар Святога Духа. І зноў, у нашым разважанні звернемся да моманту стварэння свету – “Зямля была пустая і неабжытая; і цемра над абліччам бяздоння, і Дух Божы ўзносіўся над водамі” (Быц 1, 2), панаваў хаас, а цяпер перад намі цудоўны свет. Калі ж у нашым сэрцы пануе непакой, адсутнасць гармоніі – Святы Дух можа гэта ператварыць у супакой.
Святы Дух адорвае нас мужнасцю і адвагай жыць згодна з навучаннем Езуса Хрыста. Будзем прасіць Яго дапамогі, як мага часцей і тады ў нашым жыцці мы будзем рабіць выбар згодна з Божай волей, дзеля дабра іншых.