“Ці пагаджаецеся Вы з тым, што ў нядзелі і святы трэба ўстрымлівацца ад працы і розных цяжкіх прац?” - гэтае пытанне дапаўняе апытанне, якое мы змясцілі на нашым сайце два тыдні таму. Гэтым разам у галасаванні прынялі ўдзел 240 чытачоў. Вынікі апытання каментуе сацыёлаг рэлігіі кс. Валеры Аброшка.
Трэцяя Божая запаведзь кажа: памятай дзень святы святкаваць. Дапаўненнем Божай запаведзі з’яўляецца першы касцёльны наказ: у нядзелі і прадпісаныя святы ўдзельнічаць у св. Імшы і не рабіць неабавязковай працы.
Больш чым палова рэспандэнтаў у нядзелю і святы ўстрымліваецца ад працы неабавязковай – 52,1%. Як Бог “адпачываў у сёмы дзень па ўсёй сваёй працы, якую зрабіў” (Быц 2, 2), гэтаксама чалавечае жыццё складаецца з працы і адпачынку. Усталяванне дня Госпада робіць магчымым, каб усе карысталіся дастатковым адпачынкам і вольным часам, які маглі б прысвяціць сямейнаму жыццю, грамадскаму і рэлігійнаму (ІІ Ватыканскі Сабор, канст. Gaudium et spes, 67). Сёння Касцёл не падае выразнага каталогу “абавязковых прац”, мяркуючы, што добра развітае сумленне праўдзіва падкажа чалавеку, што можна, а чаго не трэба рабіць ў нядзелю ці ў іншыя святочныя дні.
Устрыманне ад працы не з’яўляецца мэтай самой па сабе. Вольны час ад заняткаў павінен правільна выкарыстоўвацца, каб ён стаў духоўным узбагачэннем і прынёс плады таксама іншым. “Каб гэты адпачынак не ператварыўся ў безсэнсоўную нудную бяздзейнасць, ён павінен стаць крыніцай духоўнага ўзбагачэння, забяспечваць большую свабоду, даваць магчымасць для кантэмпляцыі і спрыяць братняй еднасці. Таму сярод розных формаў чалавечай культуры і забаў, якія прапануе грамадства, вернікі павінны выбіраць тыя, якія найбольш адпавядаюць жыццю, згоднаму з евангельскімі запаведзямі” (Ян Павел ІІ, Dies Domini 68).
Тых, хто адказаў, што залежыць ад сітуацыі – 42,9%. У нядзелю, а таксама іншыя святочныя дні вернікі павінны ўстрымацца ад выканання прац ці заняткаў, якія перашкаджаюць адданню належнай пашаны Богу, перажыванню радасці, уласцівай дню Госпада, выкананню ўчынкаў міласэрнасці і абавязковаму духоўнаму і фізічнаму адпачынку (KPK, kan. 1247). Сямейныя абавязкі ці важныя грамадскія заданні робяцца слушнай прычынай невыканання наказу нядзельнага адпачынку. Вернікі павінны, аднак, сачыць, каб гэтыя прычыны не вялі да неспрыяльных звычак для ўшанавання Бога, сямейнага жыцця ці здароўя (ККК 2185).
Святкаванне нядзелі і святочных дзён вымагаюць супольнага высілку. Кожны хрысціянін павінен пазбягаць навязвання – без патрэбы – іншаму таго, што перашкаджала б яму ў захаванні дня Госпада. Калі звычкі (спорт, гульні і г.д.) і грамадскія абавязкі (публічныя службы і г.д.) вымагаюць ад некаторых працы ў нядзелю, яны павінны адчуваць сябе адказнымі за забеспячэнне сабе дастатковага вольнага часу. Вернікі павінны чуваць з умеранасцю і любоўю над тым, каб пазбегнуць злоўжывання і гвалту, якія могуць спараджаць масавыя гулянні. Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, ўлады павінны забяспечваць грамадзянам час, прызначаны для адпачынку і аддання пашаны Богу. Працадаўцы маюць аналагічны абавязак у адносінах да сваіх працаўнікоў (ККК 2187). Трэба сказаць, што спакойнае святкаванне адных звязваецца з працай іншых. Ёсць “абавязковыя працы”, такія як: праца докатара, кіроўца аўтобуса, нагляд за энергасецямі, звычайны абавязак догляду за жывёламі ў гаспадарцы…
Не прынясе духоўнай карысці нават найлепшы адпачынак, калі ён дасягаецца коштам удзелу ў св. Імшы. Вернікі – як згадвае Ян Павел ІІ – “абавязаны сумленнем арганізоўваць свой нядзельны адпачынак так, каб маглі прымаць удзел у Эўхарыстыі” (Ян Павел ІІ, Dies Domini 67).
Толькі кожны 22 рэспандэнт адказаў, што не ўстрымліваецца ад працы ў нядзелю і святочныя дні. З розных прычын людзі працуюць у нядзелю. Прычынай можа быць сквапнасць або зайздрасць, што хтосьці мае лепшыя матэрыяльныя ўмовы. Іншай нагодай працаваць у нядзелю можа быць пыха, напрыклад, калі хтосьці хоча зарабіць шмат грошай на замежную вандроўку, каб давесці знаёмым, што ёсць кімсьці, хто – у адрозненне ад іх – можа сабе дазволіць спыняцца ў дарагіх месцах. Прычынай можа быць і звычайная справа, калі прыязджаюць у вёску да бабулі дзеці з унукамі і капаюць ці саджаюць бульбу. Гэтым самым яны даюць прыклад антырэлігійнага выхавання для малодшага пакалення.
Вельмі важным парушэннем гэтай запаведзі з’яўляюцца, аднак, усялякія дзеянні, дзе першым і адзіным аргументам з’яўляецца жаданне прыбытку – заўсёды і любым коштам. Падобная сітуацыя з працамі, якія таксама добра можам выканаць у іншы час. Асаблівым грахом робяцца тыя віды “неабавязковай” актыўнасці чалавека, якія робяць немагчымым яго ўдзел у нядзельнай Эўхарыстыі. Тут ідзе размова і пра адказнасць працадаўцаў, якія да такой працы змушаюць сваіх падначаленых.
Незалежна ад рэлігійных перакананняў ці светапогляду, кожны чалавек патрабуе дня “іншага”, чым астатнія дні тыдня. Кожнаму патрэбная хвіліна адпачынку ад звычайных заняткаў, хвіліна спакойнай сустрэчы з сям’ёй і сябрамі, а для чалавека веруючага – таксама хвіліна сустрэчы з Богам.
Кс. Валеры Аброшка