Skip to main content

Міністранты са Шчучына наведалі Жыровічы

Літургічная служба алтара са Шчучына 13 красавіка накіравалася ў невялікае падарожжа-пілігрымку ў Жыровічы, дзе знаходзіцца знакамітая цудоўнымі ласкамі ікона Маці Божай Жыровіцкай.

Традыцыя кажа, што каля 1470 г. малыя пастушкі знайшлі на квітнеючай грушы-дзічцы абраз Багародзіцы з Дзіцяткам, выразаны з каменю. Абразік яны занеслі падскарбію Аляксандру Солтану, які схаваў абразок у куфры. Калі ўвечары ён хацеў паказаць абразок гасцям, аказалася, што той прапаў невядомым чынам. На наступны дзень гісторыя паўтарылася – пастушкі ізноў прынеслі знойдзены на тым самым дрэве абразок уладальніку мясцовасці. Гэтым разам мясцовы гаспадар зразумеў сваю памылку і на месцы ўзнікнення абразка Маці Божай вырашыў пабудаваць драўляны храм, у якім пазней змясцілі абраз.

Зараз ікона знаходзіцца пад апекай праваслаўных манахаў, а побач з жыровіцкім манастыром знаходзіцца крыніца, да якой таксама пайшла група міністрантаў са Шчучына. Гісторыю знакамітага месца і іконы хлопцам распавёў семінарыст Жыровіцкай семінарыі Сяргей.

Супольнасць айцоў піяраў са Шчучына