Skip to main content

У Лідзе адбылося І Дыяцэзіяльнае спатканне медыкаў (дадаліся фота)

6 красавіка ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ладзілася першая ў гісторыі сустрэча працаўнікоў службы аховы здароўя Гродзенскай дыяцэзіі, у якім прыняло ўдзел больш за 120 чалавек. Арганізатарам спаткання выступіла Душпастырства службы аховы здароўя на чале з кс. д-рам Мікалаем Ціхановічам.

План спаткання медыкаў быў даволі насычаным, у якім было адначасова месца як для канферэнцый, прысвечаных хрысціянскаму погляду на медыцыну, так і для супольнай малітвы.

Спатканне праводзілася з мэтай паглыблення ведаў адносна сэнсу чалавечага жыцця як дару Божай любові дзеля будучых сумесных дзенняў з мэтай падтрымкі жыцця, а тым самым садзейнічання абнаўленню грамадства шляхам будавання супольнага дабра, а таксама станаўленне салідарнасці паміж медыкамі ў служэнні хворым і церпячым людзям у духу хрысціянскай маралі.

На пачатку сустрэчы ўсіх удзельнікаў прывітаў кс. Мікалай і сваё ўступнае слова засяродзіў на годнасці чалавека: “Пашана, абарона і апека, якія адносяцца да чалавечага жыцця, выходзяць з яе выключнай годнасці. Сапраўды чалавечая істота – “адзінае стварэнне, якое Бог пажадаў дзеля яго самога. Усё створана дзеля чалавека. Толькі чалавек, створаны па вобразе і падабенству Божым, мае адзіную сваю мэту ў Богу, дзеля якога існуе”. За благаслаўлёным Янам Паўлам ІІ кс. Мікалай заклікаў прапаведваць Евангелле жыцця ў сучасным грамадстве, якое адрынула суцэльнасць чалавечага жыцця, якое жыве “культурай смерці” і не прымае слабых.

У сустрэчы прыняў таксама ўдзел біскупскі вікарый кс. др Уладзімір Гуляй, прадстаўнік гродзенскага ардынарыя і пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа. У сваім прывітальным слове ён падкрэсліў, што здароўе – каштоўны дар Бога чалавеку. “Нездарма кажуць: здароўе найлепшае багацце, якое за золата не набудзеш”. З вялікай пашанай Касцёл адносіцца да тых, хто сваёй дзейснай міласэрнасцю і любоўю да бліжніх дапамагае другім захоўваць і ўзнаўляць цялеснае здароўе. Кс. др Уладзімір сказаў таксама, што шпіталь з’яўляецца “выключным месцам для Евангелізацыі”, менавіта там Божы Касцёл становіцца носьбітам Божай прысутнасці, а таксма сродкам для гуманізацыі чалавека і свету. На заканчэнне ўступнага слова прадстаўнік біскупа пажадаў духоўнага супакою, цярпення і сталай Божай дапамогі ў іх ахвярным служэнні любові і міласэрнасці, і удзяліў святарскае благаслаўлення для удзельнікаў сустрэчы.

Першы навуковы даклад сказаў спадар Павел Белаус, асістэнт кафедры нармальнай анатоміі чалавека Гродзенскага Дзяржаўнага Медычнага Універсітэта. Мэтай навуковага выступу была тэма чалавека, як разумнага Божага стварэння, дзе спадар выкладчык на аснове свайго лекарскага і выкладчыцкага досведу глыбока раскрыў тэалагічны сэнс стварэння чалавека Богам, спасылаючыся між іншым на Святое Пісанне.

Наступную канферэнцыю на тэму “Біяэтычныя, медыцынскія і дэмаграфічныя аспекты сучасных рэпрадуктыўных тэхналогій” правяла спадарыня Святлана Мазгунова, якая з’яўляецца загадчыкам аддзялення паляпшэння кваліфікацый спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй, а таксама выкладчыкам акушэрства і гінекалогіі Барысаўскага Дзяржаўнага Медыцынскага Каледжа. Спадарыня Святлана на аснове медыцынскай статыстыкі і ўласнай лекарскай практыкі перасцерагла перад беззваротнымі, катастрафічнымі наступствамі для нацыі з-за непашанавання ненароджанага чалавечага жыцця.

Падчас св. Імшы, кс. др Уладзімір Гуляй прамовіў казанне ў якім сканцэнтраваў свае разважанні на духоўнасці і таямніцы лячэння. Сэнс дзейнасці ўрача, як сказаў біскупскі вікарый, закладзены ў самым слове: урач – гэта лекар і выхавацель аначасова. Чалавек, які не ведае шмат аб сабе, павінен быць выхаваны не толькі як разумная, але і духоўная істота. У аснове кожнай разумнай дзейнасці ляжаць веды. Немагчыма выхоўваць і аздараўляць, не маючы адпаведных ведаў. З іншага боку, каб быць выхаваным і аздароўленым неабходна давяраць урачу. У дзейнасці ўрача сцісла пераплятаюцца веды і вера. Сучасныя веды ў галіне навукі, у тым ліку і медыцынскай, маюць раздроблены характар. Раздробленнасць прафесіі медыка - не найлепшае дасягненне цывілізацыі, таму што сёння згубіліся тыя веды, якія даюць уяўленне аб чалавеку як адзіным і суцэльным арганізме. Раней урачу былі даступныя іншыя веды, якія выпрацоўвалі ў яго асаблівае бачанне лекавання: чалавека трэба вучыць, выхоўваць разумна адносіцца да сябе і іншых людзей. У старажытнасці медыцына і філасофія былі вельмі моцна пераплецены, а першыя ўрачы антычнасці былі адначасова і філосафамі. Кс. Уладзімір заклікаў медыкаў а таго, каб звярнуць перш за ўсё ўвагу на духоўную сутнасць чалавечай істоты і дбаць аб яе суцэльнасці. Лекаванне – гэта арганізаваная рэалізацыя дабра, якое па сваёй сутнасці мае Боскае паходжанне. Святое Пісанне і св. айцы Касцёла кажуць аб вялікай ролі працы ўрача ў анталагічным сэнсе гэтага слова. Хрысціянства разглядала прафесію ўрача як самааданую і ахвярную працу, заснаваную на любові да Бога і бліжняга, падсумаваў кс. Уладзімір.

Пасля перапынку, медыкі напярэдані ўрачыстасці Божай Міласэрнасці, памаліліся супольна вяночкам да Божай Міласэрнасці, пасля чаго праслухалі наступны даклад аб “Абароне жыцця ў сям’і” спадара Яна Лубінскага, выкладчыка кафедры філасофіі і паліталогіі Беларускага Дзяржаўнага Медыцынскага Універсітэта. Спадар Ян закрануў, між іншым, негатыўныя аспекты ў функцыянаванні сучаснай сям’і, а таксама шляхі да іх пераадолення.

Апошняя канферэнцыя была праведзена спадарыняй Данутай Каваленка, медсястрой кардыялагічнага аддзялення, на тэму “Праўда аб стане хворых у тэрмінальнай стадыі”. Медык звярнула ўвагу на розныя аспекты дапамогі хвораму, якога чакае хуткі адыход з жыцця, а таксама на біблійны погляд на рэальнасць смерці.

На заканчэнне кс. др Уладзімір, выразіў сваю задаволенасць з праведзенай канферэнцыі і выразіў падзяку медыкам за ўдзел у першым такога фармату спатканні. Лідскі душпастыр зацытаваў фрагмент з энцыклікі “Бог ёсць любоў” дзе Бэнэдыкт XVI вучыць, што “Любоў заўсёды будзе запатрабаванай, нават у самым справедлівым грамадстве. Не існуе такога справядлівага дзяржаўнага парадку, які б замяніў служэнне ў любові. Хто імкнеццца вызваліцца ад любові, той таксама ў выніку можа вызваліцца ад чалавека як асобы. Чалавечае цярпенне, якое існавала заўсёды, патрабуе спачування і дапамогі. Заўсёды будзе самотнасць, заўсёды будуць сітуацыі матэрыяльнай партрэбы, у якіх будзе абавязкавая дапамога ў духу канкрэтнай любові да бліжняга”, сказаў кс. Уладзімір.

Кс. др Мікалай, кіраўнік душпастырства коратка падсумаваў спатканне і выразіў вялікую ўдзячнасць удзельнікам і тым, хто прыняў актыўны ўдзел у арганізацыі І-га Дыяцэзіяльнага Спаткання Працаўнікоў Службы Аховы Здароўя.

кс. Юрый Жэгарын

Фота будзе дададзена пазней