У Музеі гісторыі рэлігіі пакажуць выставу велікодных яек, распісаных і ўпрыгожаных у наш час гродзенскімі майстрыхамі ў розных тэхніках. Адкрыццё выставы адбудзецца 28 сакавіка. Гэтаксама адна з майстрых правядзе майстар-клас па васкаванні велікодных яек для наведнікаў выставы.
Экспазіцыю выставы складуць велікодныя пісанкі чатырох гродзенскіх майстрых: Алены Чумрай – у тэхніцы васкавання дэкупаж, Алены Сідзякінай – у тэхніцы роспісу, Таццяны Калянкевіч – яйкі, упрыгожаныя бісерам, шклярусам у тэхніцы ткацтва і ажурнага пляцення, і Марыны Ярэмчык – у тэхніцы рэльефнай аплікацыі саломкай.
Таксама, па словах старэйшага навуковага супрацоўніка музея Галіны Хамко, на экспазіцыі будуць прадстаўленыя яйкі з Сапоцкіна, распісаныя ў тэхніцы васкавання і афарбаваныя ў чорны колер.
Наведнікі выставы яшчэ ўбачаць калекцыю гродзенскіх вербачак, зробленых чатырма сёстрамі з Гродна. Перад адкрыццём выставы запланаваны майстар-клас па васкаванках.
Адкрыццё выставы адбудзецца ў 16 гадзін у Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі.
Здымак з www.veselka.by/