Нягледзячы на марознае надвор’е, каля пяцісот вернікаў выйшла на Крыжовы шлях вуліцамі Гродна, які ладзіла пасля вечаровай св. Імшы 23 сакавіка моладзь гродзенскіх парафій. Думку пра тое, каб набажэнства з-за кепскага надвор’я адмяніць, моладзь катэгарычна адхіліла – разважанні пра муку і смерць Езуса на крыжы пасярод цэнтральнай плошчы з’яўляюцца моцным і прыгожым сведчаннем веры перад іншымі гараджанамі.
Тэксты да разважанняў, а таксама музычнае суправаджэнне і спевы падчас набажэнства Крыжовага шляху сёлета рыхтавала моладзь з парафіі пабернардынскага касцёла.
Крыжовы шлях пачаўся каля Фарнага касцёла, дзе да моладзі далучыліся шматлікія вернікі. Моладзь з розных гродзенскіх парафій па чарзе несла Крыж, спыняючыся на 14 стацыях для разважанняў. Малітоўнае шэсце на фоне вечаровага горада і марознага надвор’я выгляда сапраўды ўрачыста і прыцягвала да сябе ўвагу: моладзь несла фігуру ўкрыжаванага Езуса, побач ішлі вернікі з запаленымі паходнямі і свечкамі, спяваючы рэлігійныя спевы і малітвы.
“Няхай ўдзел у гэтым Крыжовым шляху, у чарговы раз нагадае мне, што Езус паміраў за мяне на Крыжы. Менавіта за мяне, а не толькі за майго суседа ці сябра. Няхай мая прысутнасць тут будзе выразам удзячнасці Езусу за ўсё тое, што Ён для мяне зрабіў,” – прагучала на самым пачатку набажэнства.
Падчас 14 стацый моладзь разважала пра Крыж Езуса і крыж штодзённых праблем і цярпенняў кожнага чалавека, якога многія з нас баяцца і хочуць пазбавіцца; пра адносіны з бацькамі, пра ахвярнасць і дапамогу бліжняму чалавеку, пра сэнс жыцця і смерці – пра ўсё тое, аб чым мы забываем штодня, спяшаючыся жыць. І такія набажэнствы прымушаюць спыніцца і задумацца, куды я бягу, а галоўнае, з якой мэтай?..
Паўтарагадзіннае набажэнства скончылася ў пабернардынскім касцёле. Кс. Антоні Грэмза, ініцыятар правядзення Крыжовага шляху вуліцамі Гродна ўжо чацвёрты год, падзякаваў усім вернікам за ўдзел, а таксама выказаў падзяку ахоўнікам правапарадку і супрацоўнікам ДАІ за дазвол і дапамогу ў правядзенні набажэнства.
- Сустрэнемся на Крыжовым шляху вуліцамі горада ў наступным годзе, - выказаў надзею святар.