Skip to main content

Сведчанне веры смаргонскай моладзі ў Гродне

Сведчыць аб веры, дзяліцца ёю з іншымі можна рознымі спосабамі. Найлепей уласным прыкладам. Салезіянская моладзь парафіі Св. Міхала Арханёла са Смаргоні спалучыла ўласны прыклад з дараванымі Богам талентамі. 16-17 сакавіка яны разам з сястрой Ірынай Барцэвіч FMA наведалі парафію Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне.

У дзень выезда па краіне абвясцілі штармавое папярэджанне і ў навінах раілі па магчымасці не выходзіць на вуліцу. Мы ж распачалі сваё падарожжа ў самы разгар цыклону “Хаўер”, бо для сапраўды Божай справы такая дробязь не з’яўляецца перашкодай. Таму 16 сакавіка а 7 гадзіне раніцы нас ужо сустракаў пробашч парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ксёндз Дзмітрый Лабкоў. На працягу дня мы наведалі Вышэйшую духоўную семінарыю, катэдральны касцёл святога Францішка Ксаверыя, пазнаёміліся з архітэктурай горада.

Але галоўнай падзеяй было наша выступленне пасля вячэрняй Св.Імшы. Мы прадэманстравалі тэатральную пастаноўку на тэму “А можа, ўсё ж такі здарыцца цуд?”, рэжысёрам якой з’яўляецца Паўліна Жых – студэнтка 2 курса ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Гэтая пастаноўка аб тым, як людзі, наблізіўшыся да Бога, паверыўшы ў Яго, як толькі здараецца няшчасце, бунтуюцца, паддаюцца роспачы, увогуле адмаўляюць Яго існаванне. Але Бог ніколі не пакідае чалавека. Таму пасылае на яго жыццёвым шляху таго, хто зможа паказаць бязмежную любоў і міласэрнасць нашага Пана, Яго непрыкметную прысутнасць у паўсядзённым жыцці. “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3:16). Аб гэтым увесь час нагадвае ціхі і пакорны позірк Езуса з крыжа. Дастаткова толькі падняць вочы…

На наступны дзень мы ўдзельнічалі ў ранішняй Св.Імшы, якую ўпрыгожылі сваімі спевамі. А пасля абеду шчаслівыя і ўдзячныя Богу за магчымасць сведчання веры адправіліся ў свой родны горад.

Выказваем шчырую падзяку айцам-рэдэмптарыстам (асабліва айцу Дзмітрыю Лабкову) за цёплы і гасцінны прыём.

Навэла і Валерыя Айрапецян