V Нядзеля Вялікага посту. Кс. Аляксандр Лебядзевіч
Езус Хрыстус прыйшоў у Ерузалімскі храм, каб вучыць народ. Да Яго кніжнікі і фарысеі прывялі жанчыну, якую злавілі на чужаложстве. Паставілі яе пасярэдзіне і сказалі Яму: “Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужаложстве. Майсей наказаў нам у Законе каменаваць такіх. А Ты што скажаш?.”
Кніжнікі і фарысеі шукалі падставы абвінаваціць Езуса, каб зганьбіць Яго перад людзьмі. Ім здавалася, што яны змаглі паставіць Яго перад невырашальнай праблемай. Па юдэйскім законе чужаложства было сур'ёзным злачынствам. Рабіны казалі: “Кожны юдэй павінен хутчэй памерці, чым здзейсніць ідалапаклонства, забойства або чужаложства”. Чужалоства было адным з трох цяжкіх грахоў, за якія належыла смяротнае пакаранне і, у выпадку даказанай віны, належала вывесці грэшніка за гарадскую браму і “пабіць камянямі да смерці”.
Невырашальная праблема, перад якой яны хацелі паставіць Езуса, зводзілася да наступнага: калі б Ён сказаў, што жанчыну сапраўды варта пабіць камянямі, то, па-першае, Ён страціў бы Сваю добрую славу, набытую любоўю і міласэрнасцю, і ўжо ніхто ніколі не назаве яго Сябрам грэшнікаў, а па-другое, Ён парушыў бы рымскі закон, па якім юдэі не мелі права выносіць смяротны прысуд або праводзіць яго ў выкананне. Калі б, аднак, Ён сказаў, што жанчыну варта памілаваць, Яго адразу маглі б абвінаваціць у тым, што Ён вучыць людзей парушаць закон Майсея і што Ён даруе распусту і нават заахвочвае да яе. Вось у гэтую пастку кніжнікі і фарысеі і спрабавалі злавіць Езуса.
Нахіліўшыся нізка, Пан пісаў пальцам на зямлі, “не звяртаючы на іх увагі”. Евангеліст не кажа, што Ён пісаў, і марныя ўсялякія здагадкі пра гэта. Самая распаўсюджаная з такіх здагадак тая, што Гасподзь пісаў назвы грахоў, у якіх яны самі вінаватыя. Так як яны працягвалі настойліва дамагацца адказу, дык Езус, падняўшы галаву, сказаў ім: “Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень”. Словы Госпада зрабілі неверагоднае дзеянне на сумленне фарысеяў. Успомніўшы кожны свае ўласныя грахі, яны пачалі выходзіць адзін за адным, пакуль Езус не застаўся сам-насам з жанчынай.
Жанчына мела поўную магчымасць выйсці непрыкметна з народам з храма і схавацца, але яна засталася, не асмелілася сысці, яна разумела цяпер, што, куды б ні бегла, не схавацца ёй ніколі ад Таго, Каму вядомыя нават думкі людзей. Яна стаяла нерухома, не асмельваючыся нават зірнуць на Яго. “Я не асуджаю цябе: ідзі і больш не грашы”.
Бог асуджае грэх, але не грэшнікаў, жадаючы, каб яны пакаяліся. Гэтае евангельскае месца вучыць нас пазбягаць граху асуджэння блізкага, прапаноўваючы нам, замест таго, асуджаць саміх сябе за свае ўласныя грахі і каяцца ў іх.
Не будзем жа асуджаць, папракаць, ганіць блізкага за зроблены ім грэх. Паглядзім перш на сябе, на сваё мінулае, і, напэўна, знойдзем там мноства разнастайных грахоў. І тады, успомніўшы сказанае - хто з вас без граху, няхай першы кіне камень! - устрымаемся ад асуджэння іншых. Будзем больш строгія да сабе і паблажлівыя да іншых.
Кс. Аляксандр Лебядзевіч