Skip to main content

У Шчучыне адбыліся духоўныя сустрэчы для хлопцаў

8 – 10 сакавіка ў піярскім кляштары ў Шчучыне адбыліся духоўныя сустрэчы для хлопцаў. На працягу некалькіх дзён маладыя людзі разважалі аб святой Імшы, супольна маліліся, праводзілі час у супольным адпачынку, разам аглядалі фільм, пасля якога разважалі над тым, як выглядае жыццё сённяшняга маладога чалавека.

Кожны дзень распачынаўся супольнай малітвай у кляштарнай капліцы, пасля супольнага снедання быў час на размову альбо партыю настольнага тэніса. Два разы ў дзень маладыя людзі разважалі аб тым, як можна распазнаць уласнае пакліканне. Галоўным элементам дня, да якога было ўсё накіравана, была Святая Імша. Паколькі сустрэча мела характар малітоўна-рэкрэацыйны, трэба ўспомніць і пра выезд у Навагрудак, падчас якога ўдзельнікі наведалі знакамітую навагрудскую Фару і пазнаёміліся з гісторыяй мучаніцкай смерці сясцёр назарэтанак, а таксама наведалі дом-музей паэта Адама Міцкевіча. Дзень заканчваўся супольнай камплетай.

Духоўныя сустрэчы прайшлі пад духоўным кіраўніцтвам а. Аляксандра – піяра, мясцовага душпастара і дк. Міхала – душпастара міністрантаў мінскай парафіі Св. Сымона і Св. Алены.

Айцы піяры