Skip to main content

Абраз Маці Божай Будслаўскай: перыгрынацыя ў Гродне

10 сакавіка ў парафію Св. Юзафа ў Гродне прыбыла копія цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Да Маці Божай прыйшлі ўсе парафіяне: ад наймалодшых да старэйшых. Дзеці пад кіраўніцтвам с.Таццяны, кармелітанкі ад Дзіцятка Езус, прывіталі абраз ад імя ўсёй парафіі.

Пасля распачалася супольная адарацыя. Кожны на каленях падыходзіў да абраза Маці Божай Будслаўскай і ўшаноўваў яго. Вернікі дзякавалі за атрыманыя ласкі і аддавалі Марыі просьбы аб пераадольванні цяжкасцей у пабудове касцёла.

Урачыстую св. Імшу з удзелам шматлікіх парафіянаў узначаліў ксёндз пробашч Павел Звяжынскі і а. Цэцыліян Запольскі. У гаміліі а. Цэцыліян, які суправаджаў абраз, падзяліўся сведчаннем асабістага спаткання з Марыяй і падкрэсліў Яе вялікі давер да Бога.

На наступны дзень ад раніцы вернікі сабраліся на Эўхарыстыю. Святары маліліся ў інтэнцыях, якія парафіяне раней запісалі на картках і якія былі пакладзены ў кошык перад выявай Маці Божай Будслаўскай. Вернікі на працягу ўсяго дня прыходзілі памаліцца да копіі цудатворнага абраза.

Урачыстая святая Імша на заканчэнне перыгрынацыі адбылася ў панядзелак. Святую Імшу канцэлебравалі кс. Павел Звяжынскі, кс. Павел Урбан і а. Цэцыліян Запольскі. Падчас гаміліі а. Цэцыліян прыгадаў гісторыю абраза і запрасіў усіх парафіянаў на адпустовую ўрачыстасць у Будслаў. Парафіяне развіталіся з абразом Маці Божай Будслаўскай. Далей абраз накіраваўся ў Вышэйшую духоўную семінарыю.