Гродзенскі краязнаўца Ігар Лапеха разам з удзельнікамі краязнаўчага гуртка “Краязнаўчая школа” ўжо некалькі год працуе над макетамі гістарычных будынкаў Гродна. У іх ліку – гродзенскія каталіцкія кляштарныя комплексы. Пакуль можна патрымаць у руках няскончаны макет Фарнага касцёла.
Праца па стварэнні макетаў карпатлівая і доўгая. Спачатку трэба ўсё вывучыць, пашукаць, як будынак ці комплекс выглядалі раней, як, магчыма, змяніліся ці загінулі некаторыя дэкоры, усё дакладна вымераць, пасля начарціць. Таму хтосьці з гурткоўцаў знаходзіцца на стадыі чарцяжу, у кагосьці стадыя загатовак. Спачатку робіцца самая складаная частка – фасад, а пасля ўсё астатняе. Напрыклад, гатовая ўжо частка фасада пабрыгіцкага касцёла.
Разам з навучэнцамі Ігар плануе зрабіць макеты паезуіцкага, пабернардынскага і пабрыгіцкага комплексаў. Таксама ў планах ёсць Фара Вітаўта, якая ў макеце будзе мець выгляд XVI ст.
Фарны касцёл у Ігара Лапехі пафарбаваны ў жоўты колер. Краязнаўца тлумачыць, што, на яго думку, Фарны касцёл як барочны будынак, якому ўласціва пышнасць, меў жоўты колер.
Таксама ў планах гурткоўцаў зрабіць макет неіснуючага сёння Дамініканскага касцёла, аднак папярэдне трэба будзе дасканала вывучыць, як ён выглядаў.
Адкуль Ігар з навучэнцамі бяруць чарцяжы для макетаў?
- На шчасце, ёсць вымярэнні манументальных будынкаў, якія рабіліся ў 50-я гг. ХХ ст. для спісу помнікаў. Ёсць абмеры, якімі можна карыстацца. Нам галоўнае ведаць план, а планы мы ведаем фактычна ўсіх будынкаў, а таксама вышыню. Тады прапорцыі знайсці вельмі проста, - тлумачыць гісторык.
Макеты робяцца з ПВХ-пластыку. На яго як найбольш трывалы матэрыял перайшлі ўсе мадэлісты, тлумачыць Ігар. Маштаб – 1:200.
Акрамя макетаў будынкаў храма (ёсць таксама макет праваслаўнага Свята-Раства-Багародзічнага комплекса), Ігар з удзельнікамі гуртка працуе над макетамі ўсіх манументальных будынкаў гістарычнай гродзенскай забудовы.