Skip to main content

Гродзенскія медыкі ўдзельнічалі ў велікапосных рэкалекцыях у гарах

Чатыры дні з 21 па 24 лютага члены душпастарства службы здароўя ў Гродне разам з душпастарам кс. Мікалаем Ціхановічам правялі ў Закапанах. Да каталіцкіх вернікаў далучыліся і праваслаўныя медыкі. На гэтыя дні медыцынскія супрацоўнікі пакінулі свае сем’і, працу, абавязкі, каб задумацца пра сваё жыццё, сваю веру, ачысціць сэрцы і глыбей перажыць час посту.

Па шляху ў горы пілігрымы памаліліся ў цэнтры Вострая Брама ў Скаржыска-Каменная, пазнаёміліся з багатай гісторыяй кракаўскага Вавеля, наведалі архікатэдральны сабор і Марыяцкі касцёл. У часе духоўнага падарожжа медыкі прымалі ўдзел у святых Імшах у санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках і санктуарыі Маці Божай Фацімскай.

Кс. Мікалай заклікаў умацаваць веру ў Божае Слова, ствараць у грамадстве атмасферу любові, будаваць свой светапогляд на веры св. Пятра.

Каб яшчэ больш адкрыць моц уздзеяння Божага слова, навучыцца слухаць Бога ўдзельнікі пілігрымкі штодзённа разважалі над словамі Святога Пісання. Ідучы шляхам бл. Яна Паўла ІІ да горнай вяршыні Губалуўка, а таксама падымаючыся да Странжыскай даліны і вадаспада Сіклавіца, медыкі адчулі магутнасць Бога, Яго веліч і маліліся пра духоўнае перамяненне і ўмацаванне ў веры.

Сумесны адпачынак, радасныя перажыванні дазволілі пілігрымам лепш пазнаць адзін аднаго, адкрыцца для іншых і стаць адной сям’ёй.

Караліна Бутоліна

Здымкі аўтара і Аксаны Радзевіч