Skip to main content

Дзень засяроджання для духавенства ў Тракелях: “Святару важна не страціць здзіўлення перад Эўхарыстыяй”

rec trok swiatary 9

15 кастрычніка, ва ўспамін святой Тэрэзы ад Езуса, у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) прайшоў дзень засяроджання для святароў, якія служаць на Гродзеншчыне.

Паколькі кастрычнік – месяц, прысвечаны ў Касцёле ружанцовай малітве, калі ўшаноўваецца Маці Божая як Каралева Ружанца, было сімвалічным правесці гэтую сустрэчу духавенства ў тракельскім санктуарыі, з якога распаўсюджваецца культ Панны Марыі і куды прыходзіць шмат пілігрымаў. Сустрэчу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

У яе межах адбылася канферэнцыя “Праявы ўплыву сучаснай культуры часовага характару на асобу святара”, з якой выступіў біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне кс. канонік Віталій Сідорка.

Святар адзначыў, што “з-за беспрэцэдэнтнай хуткасці змен ва ўсіх сферах жыцця ўсе вынаходкі, ідэі і моды становяцца мімалётнымі”, саступаюць месца чамусьці новаму, і “тое, што сёння з’яўляецца рэвалюцыйнай падзеяй, заўтра забываецца, замяняючыся іншай, такой жа рэвалюцыйнай з’явай”. Па словах ксяндза Віталія, працэсы, якія адбываюцца ў свеце, уплываюць таксама на духавенства і кансэкраваных асоб, іх служэнне і штодзённае жыццё, таму асабістая вера і адносіны з Хрыстом з’яўляюцца “падмуркам, які дазваляе супрацьстаяць пастырскім выклікам”, каб ажыццяўляць “галоўную задачу пастыра – будаваць касцёльную супольнасць”.

Святар асабліва падкрэсліў, што аднаўленне братэрскага жыцця ў супольнасці неабходна як для саміх членаў супольнасці, так і для забеспячэння праўдападобнага сведчання знешняму свету.

rec trok swiatary 14

У праграме сустрэчы былі таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і Імша, якую цэлебраваў біскуп Уладзімір Гуляй. На літургіі іерарх маліўся за ўсіх святароў Касцёла на Гродзеншчыне, а ў яе пачатку сказаў, што дзякуе Богу за служэнне кожнага святара, які з’яўляецца для Касцёла вялікім дарам.

У гаміліі біскуп адзначыў, што святая Тэрэза, якую ўспаміналі ў гэты дзень у літургічным календары, “адрадзіла дух манаскага жыцця ў Іспаніі, а перадусім навучыла Касцёл адной галоўнай праўдзе: пачатак усялякай рэформы – у сэрцы чалавека”. Ён дадаў, што і святарам патрабуецца рэформа – “не звонку, не ў змене структур ці праграм, а ўнутры, у сэрцы, у адносінах з Богам, у тым, каб аднавіць любоў, якая калісьці загарэлася і, магчыма, цяпер аслабла”.
Каментуючы словы апостала Паўла з літургічнага чытання: “Сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі”, біскуп даў святарам наступную параду: “Калі ты ўжо не маеш сіл гаварыць, калі словы не ідуць – не спыняйся. Дай Духу Святому маліцца ў табе. Ён ведае, што табе трэба. Ён ведае, як ператварыць тваю стомленасць у малітву”.

Іерарх адзначыў, што святая Тэрэза “ведала: Бог маўчыць не таму, што Яго няма, а таму, што Ён працуе глыбей, чым словы”. “У святарскім жыцці бываюць падобныя хвіліны. Мы прыходзім да табэрнакулюма – і маўчым. Сэрца пустое. І тады можа ўзнікнуць спакуса пакінуць гэта, заняцца чымсьці “больш карысным”. Але менавіта тады Бог найбліжэй. Ён дзейнічае ў цішыні, у цемры, у слабасці”, – сказаў біскуп.

Ён падкрэсліў, што святару важна “не адарвацца ад вінаграднай лазы” – Езуса Хрыста: “У нас шмат спраў, шмат адказнасці. Але часам у гэтым віхуры мы ўжо не знаходзім часу для самога Хрыста. Мы гаворым пра Яго, але не гаворым з Ім. Мы служым людзям, але забываемся пра Таго, хто паслаў нас служыць”. Па словах біскупа, заставацца ў гэтай вінаграднай лазе – значыць быць з Хрыстом “у штодзённасці, у цішыні, малітве, у кожным чалавеку, якога сустракаем”.

Біскуп дадаў, што вынікі святарскага служэння “належаць Богу”: “Часам здаецца, што нашая праца дарэмная. Колькі гадоў мы служым у парафіі, а людзі не змяняюцца. Колькі споведзяў, колькі казанняў, а сэрцы застаюцца халоднымі. Але Бог не патрабуе выніку – Ён патрабуе вернасці. Як казаў Ян Павел ІІ, “святар вымяраецца не плёнам, а вернасцю”.

Таксама іерарх нагадаў пра важнасць пакоры: “Святар без пакоры становіцца нервовым, патрабавальным, раздражнёным. Ён хоча ўсё кантраляваць, бо забыўся, што ўсё ў руках Бога. Пакора – гэта давер”.

Па словах біскупа, малітва павінна быць для святара не абавязкам, а праявай любові: “Гэта любоў, якая патрабуе часу. Езус не патрабуе ад нас шмат. Ён хоча быць з намі. Хоча, каб мы дазволілі Яму любіць нас. Калі ў святарскім жыцці няма часу для малітвы – усё астатняе губляе сэнс”.

Іерарх звярнуў увагу і на тое, што святары пакліканы да братэрства: “Калі святар зачыняецца ў сабе, пачынае жыць як “самотны воін”, то рызыкуе засохнуць духоўна. Мы патрэбныя адзін аднаму: у малітве, у падтрымцы, у простай размове”. Акрамя таго, ён нагадаў, як важна святару “не страціць здзіўлення перад Эўхарыстыяй” і кожны дзень казаць Богу: “Дзякуй, што я магу трымаць у руках Тваё Цела. Дзякуй, што Ты даверыў мне гэтую таямніцу”.

Сустрэча завяршылася братэрскім абедам у доме пілігрыма, прыгатаваным мясцовымі парафіянамі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі