Skip to main content

Меркаваны тэрмін лячэння біскупа Уладзіслава Бліна можа зацягнуцца на два гады

Пра прыняцце Святым Айцом прашэння біскупа Уладзіслава аб адстаўцы стала вядома ў 14 гадзін беларускага часу. Спецыяльна для гэтага ў Віцебск прыбыў Апостальскі Нунцый Клаўдыё Гуджэроцці. Ён сустрэўся з прадстаўнікамі духавенства Віцебскай дыяцэзіі: дэканамі, віцэ-дэканамі і членамі Калегіі Кансультараў.

Прачытаўшы паведамленне Апостальскай Сталіцы, Нунцый падкрэсліў, што біскуп Уладзіслаў папрасіў аб адстаўцы па прычыне кепскага здароўя. Прадстаўнік Святога Айца сказаў, што ў тэлефоннай размове гутарыў з біскупам Уладзіславам, які зараз знаходзіцца ў шпіталі ў Злучаных Штатах Амерыкі. Меркаваны тэрмін лячэння іерарха можа дасягнуць двух гадоў. Аднак, не выключана, што біскуп Уладзіслаў Блін зможа наведаць Віцебскую дыяцэзію ў гэты перыяд.

Сам біскуп прасіў не называць ніякай даты, таму што дата меркаванага візіта ў дыяцэзію ад яго не залежыць. Ён перадаў сваё прывітанне вернікам Віцебскай дыяцэзіі. І таксама выказаў гарачае жаданне быць з імі ў Вялікую Сераду, каб цэлебраваць Святую Імшу Хрызма і такім чынам развітацца з вернікамі дыяцэзіі. Аднак, хутчэй за ўсё гэтая сустрэча будзе перанесена на больш позні тэрмін.

Апостальскі Нунцый Клаўдыё Гуджэроцці папрасіў прысутных святароў абвясціць навіну ў дэканатах і парафіях Віцебскай дыяцэзіі. Ён таксама адзначыў заслугі біскупа Уладзіслава перад Касцёлам, яго душпастырскую актыўнасць, арганізацыйныя здольнасці і вялікую працу ў развіцці дыяцэзіі, якой біскуп Уладзіслаў кіраваў ад самога яе ўтварэння ў 1999 годзе.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падкрэсліў, што дзяржаўныя ўлады несумненна прызнаюць той вялікі ўклад, які зрабіў біскуп Уладзіслаў Блін, як біскуп Каталіцкага Касцёла, у фармаванне сумленнага і справядлівага грамадства ў Беларусі.

Нагадаем, што пасада Апостальскага адміністратара, якую займае цяпер ксёндз-пралат Францішак Кісель, з’яўляецца часовай. У Віцебскую дыцэзію новаабраны Папа прызначыць новага біскупа. Вернікам дыяцэзіі трэба маліцца ў інтэнцыі выбару новага Папы і прызначэння новага біскупа для Віцебшчыны.

Паводле Сatholicnews.by