Skip to main content

Унікальную ікону знайшлі ў касцёле ў Вішнева

У касцёле Вішнева, што на Смаргошчыне, гомельскі парафіянін знайшоў унікальную ікону Святога Юзафа з Дзіцяткам Езус беларуска-польска-літоўскага мастака пач. ХІХ ст. Яна Кшыштафа Дамеля. Парафіянін Анатоль Шчучко, які родам з гэтай вёскі, вырашыў аддаць стары абраз на рэстаўрацыю ў майстэрню Гомельскага палаца-паркавага ансамбля. Пасля ікону вернуць у вішнеўскі касцёл на ганаровае месца над алтаром.

- Яна стаяла ў далёкім куце касцёла, цалкам пацямнелая. Ніхто ўжо не ведаў, адкуль яна тут узялася. Аднак вывучаючы архіўныя дакументы, я даведаўся пра гісторыю абраза,- распавёў Анатоль Шчучко.

У касцёле ў Вішнева на пач. ХІХ ст. было два абразы: Св. Тадэвуша і Св. Юзафа з Дзіцяткам Езус. Ян Дамель напісаў іх пад замову ў Вільні ў 1811 годзе. Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага храм аддалі праваслаўным. А католікі пабудавалі побач драўляны. Туды аддалі абраз Св. Тадэвуша. Аднак у гады І Сусветнай вайны ён загінуў разам з касцёлам. Ікона Св. Юзафа знаходзілася дзесьці ў будынку ранейшага касцёла. Ужо пры польскай уладзе храм вярнулі католікам і абраз Св. Юзафа з Дзіцяткам Езус павесілі над алтаром. З цягам часу карціна пачала цямнець. Яе знялі, і шмат гадоў яна проста пакрывалася пылам.

- Падумаўшчы, чаму не я, ўзяўся арганізаваць рэстаўрацыю іконы. І тут, пры дапамозе цудоўных выпадкаў, мне дапамагаў Бог, - распавядае сп. Анатоль.

Рэстаўратара давялося пашукаць. У Мінску гэтая паслуга абыйшлася бы вельмі дорага. І выпадкова вернік знайшоў спецыяліста ў Гомелі – тут пагадзіліся выканаць працы за такі кошт, які касцёл зможа аплаціць.

Займаецца іконай прафесійны мастак, рэстаўратар Яўген Фей:

- Карціну неабходна праклеіць, цалкам выдаліць аўтарскі лак, бо з-за перападу тэмператур і дрэнных умоваў захоўвання многіх дэталяў на іконе ўвогуле не было відаць, канчаткова зачысціць і старанна заладзіць фрагменты, якія асыпаліся, пакрыць рэстаўрацыйным лакам.

Скончыць усе працы плануецца ў маі. Тады, у Ноч музеяў, карціну пакажуць у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, а пасля ікону вернуць у вішнеўскі касцёл, дзе яна зойме ганаровае месца над галоўным алтаром.

Знаходка іконы – гэта значная падзея ў духоўным і культурным жыцці Беларусі. Працы Яна Дамеля захоўваюцца ў нацыянальных мастацкіх музеях Літвы і Польшчы. Дагэтуль было вядома, што ў Беларусі ёсць толькі адна праца Дамеля – ікона св. Канстанцыі, якая знаходзіцца ўНацыянальным мастацкім музеі ў Мінску.























Паводле gomel.catholic.by