Skip to main content

На выданне кнігі па гісторыі гродзенскіх касцёлаў блаславіў кс. бп Аляксандр Кашкевіч

Выдаць асобнай кнігай знойдзеныя Віктарам Саяпіным у архівах каштоўныя звесткі аб пасляваеннай гісторыі гродзенскіх касцёлаў ініцыявала Гродзенская дыяцэзія.

- Звестак пра касцёлы Гродна ў пасляваенны час на сёння мы маем вельмі мала, - кажа кс. Антоні Грэмза, віцэканцлер Гродзенскай курыі. – А таму тая інфармацыя, здымкі, якія адшукаў у архівах краязнаўца Віктар Саяпін, вельмі важныя. Мы звярнуліся да Яго Эксцэленцыі, каб дыяцэзія паспрыяла выданню такой кнігі. У выніку для гэтага была вылучаная пэўная сума грошай. Ксёндз біскуп блаславіў працу над выданнем, а таксама напісаў уступ да яго, у якім ён заахвочвае да прачытання гэтай каштоўнай кнігі і падкрэслівае яе важнасць і ўнікальнасць.

Пасляваенныя часы для касцёлаў былі цяжкімі – храмы рабаваліся, знішчаліся. А таму захаваная і апублікаваная інвентарызацыя гродзенскіх храмаў дазваляе даведацца, што мелі касцёлы ў тыя часы. На сённяшні дзень многае з таго ўжо не захавалася. Здымкі, змешчаныя ў кнізе, дазваляюць атрымаць уяўленне пра розныя элементы інтэр’ераў касцёлаў, якіх сёння ў храмах мы ўжо не бачым. Фара Вітаўта, пра якую таксама ёсць звесткі ў кнізе Віктара Саяпіна, наогул засталася толькі ва ўспамінах старых гродзенцаў.

Па словах кс. Антонія Грэмзы, кніга ўжо выклікала вялікую цікавасць – яе ахвотна набываюць і звычайныя людзі, і навукоўцы. Выданне “Гродзенскія касцёлы. Пасляваенная гісторыя. Дакументы і фотаздымкі” можна набыць у дыяцэзіяльнай кнігарні па вул. К. Маркса 4, а таксама ў курыі.