У нядзелю 13 студзеня ў пабрыгіцкім касцёле ў Гродне адбылося традыцыйнае аплаткавае спатканне душпастарства настаўнікаў выхавацеляў і выкладчыкаў Гродна, у якім прыняў удзел кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч. Сустрэча, якая распачалася а 16 гадзіне Эўхарыстыяй, сабрала каля 60 асобаў.
Гродзенскі біскуп падчас св. Імшы у казанні, прымеркаваным Году веры, нагадаў пра тое, што кожны католік павінен звярнуцца да вытокаў, да абавязкаў, якія вынікаюць з сакраманту хросту, а таксама мужна сведчыць аб Хрысце, спаўняючы сваё пакліканне праз навучанне людзей. Літургію Эўхарыстычнай ахвяры ўпрыгожыў спеў гродзенскага хора "Sursum Corda". Пасля супольнай малітвы ў касцёле ўдзельнікі падзяліліся паміж сабой аплаткай.
У спатканні ўдзельнічаў таксама заснавальнік душпастaрства а. Андрэй Шчупал CSsR. На дадзены момант мадэратарам душпастарства настаўнікаў, выхавацеляў і выкладчыкаў з'яўляецца кс. Антоній Грэмза, віцэканцлер Гродзенскай курыі і рэктар Пабрыгіцкага касцёла.