Skip to main content

Разбураную званіцу касцёла брыгітак яшчэ можна аднавіць

Адкрываючы амаль год назад рубрыку “Чырвоная кніга Гродна”, мы хацелі паспець адлюстраваць непаўторныя рысы мінулага, захаваць іх хаця б у нашай памяці. Зараз, азіраючыся, нават дзіўна, колькі яшчэ можна расказаць і як многа яшчэ засталося тэм.

Часам завяршыць размову так жа цяжка, як і распачаць. Таму у якасці апошняга раздзела нашай кнігі мы вырашылі выбраць менавіта касцёл гродненскіх брыгітак. Бо калі і ёсць ў Гродне нешта, што прыпамінае пра вечнасць, то гэта нашы храмы. Праўда, размова будзе датычыць не самога касцёла і кляштара, і нават не лямуса – пра яго мы ўжо аднойчы пісалі, а аб тым, што было страчана, але яшчэ можно вярнуць. Гэта аповед пра манастырскую званіцу.

Пачнем крыху здалёк. Наш добры сябра, калі разглядваў Гродна пачатку XVII века на гравюры Тамаша Макоўскага, звярнуў увагу на абаронныя вежы, намаляваныя на заднім плане. Справа ў тым, што многія гісторыкі да гэтага часу спрачаюцца, ці былі абаронныя сцены вакол города? Аднак наш сябар пайшоў яшчэ далей, выказаўшы меркаванне, што гарадскія ўмацаванні не проста існавалі, але і маглі захавацца да нашых дзён у падставе некаторых будынкаў. Больш таго, тая самая званіца брыгітак, знесеная ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, на яго думку, гэта не што іншае, як старая гарадская вежа.

На самай справе, калі звярнуцца да яшчэ больш ранняй гравюры Цюндта, лёгка заўважыць, што на ёе побач з Каложай і яшчэ адной царквою намаляваны дзве высокія званіцы.

Увогуле гэта даволі вядомы факт, і ён толькі даказвае існаванне своеасаблівай традыцыі ўзводзіць званіцы крыху наводдаль ад самога храма. На больш позняй гравюры званіц ужо няма, аде традыцыя, хутчэй за ўсё, засталася. Аднак гэта зусім не супярэчыць таму, што пры неабходнасці званіца магла пераўтварыцца ў частку ўмацавання!

Праўда, вядомы гісторык архітэктар Ю. Ягороў быў упэўнены, што званіца брыгітак не мела нічога агульнага з архітэктурай асноўнага комплексу кляштара і з'яўлялася “прадуктам класіцызму канца XVIII – пачатку XIX вякоў”. Цалкам магчыма, што дадзенае яго сцверджанне ў выніку і вырашыла лёс самой пабудовы.

Падобных вежаў у Гродне было па крайняй меры некалькі, але толькі званіцу брыгітак сёння можна рэальна аднавіць. Захаваліся і закансерваваны яе падмуркі, даўно гатовы і сам праект. Магчыма, існуе нават падземны ход пад вуліцай… Хоць гэта адна з мясцовых легенд.

А галоўнае, пры мінімальных укладаннях горад можа значна павялічыць сваю турыстычную прывабасць, дадаўшы да новых магістраляў і развязкаў штосьці з ліку вечных каштоўнасцей.

A. Вашкевіч, А. Чарнякевіч

Паводле vgr.by

Пераклад grodnensis.by