Skip to main content

Бэтлеемскі агонь сустрэлі ў Гродне (фотарэпартаж)

Сёлета Бэтлеемскі агонь супакою ў гродзенскай катэдры сустракаў Апостальскі нунцый Клаўдыа Гуджэроці разам з кс. біскупам Аляксандрам Кашкевічам. На ўрачыстую св. Імшу таксама прыбылі вернікі з шматлікіх парафій Беларусі, каб пасля перадаць святло супакою ў свае храмы.

Ксёндз арцыбіскуп завітаў у Гродна, каб сустрэцца са святарамі. Сустрэча агню і стала адным з пунктаў гэтай праграмы. Па словах Яго Эксцэленцыі, у традыцыі сустрэчы агню з Бэтлеема ён удзельнічае ўпершыню.

Агонь з Бэтлеема ў гродзенскую катэдру ўрачыста перадалі беларускія харцэры, якія ў сваю чаргу прынялі яго на беларуска-польскай мяжы ад польскіх харцэраў пры падтрымцы Генеральнага консула Польшчы ў Гродне Анджэя Хадкевіча.

На пачатку св. Імшы ксяндза арцыбіскупа Клаўдыа Гуджэроці прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, падкрэсліўшы важнасць таго, што агонь з Бэтлеему ў Гродне сустракае такі высокі госць. Ксёндз біскуп Аляксандр папрасіў нунцыя маліцца ў інтэнцыі прысутных вернікаў.

- Кожны раз, калі я наведваю гэтую катэдру, у мяне затрымліваецца дыханне, - казаў кс. абп Клаўдыа Гуджэроці, які ўжо не ў першы раз наведваў Гродна. – Вашыя дыханні заўсёды саграваюць гэты храм у халоднае надвор’е.

Але сёння, казаў арцыбіскуп, ёсць яшчэ адна крыніца цяпла – святло Бэтлеемскага агеньчыка. Можна спытацца, навошта столькі ўвагі такому маленькаму агеньчыку? Таму што гэты агеньчык прыходзіць ад іншага агню, які гарыць у месцы, дзе нарадзіўся Езус Хрыстус. Менавіта Ён і з’яўляецца сапраўдным святлом, Які запальвае нашыя сэрцы, казаў Яго Эксцэленцыя.

Напрыканцы св. Імшы ксёндз арцыбіскуп урачыста перадаў агонь з Бэтлеему прадстаўнікам іншых дэлегацый. Расійскім скаутам агонь з Бэтлеему сёлета перададуць мінскія скауты, якія прыехалі ў Гродна.

Ксёндз пробашч Ян Кучынскі запрасіў усіх аднесці святло з Бэтлеему ў свае сем’і:

- У Вігілію, калі будзеце дзяліцца аплаткай, запаліце свечку ад Бэтлеемскага агню на знак супакою і любові ў вашых сем’ях.

Бэтлеемскі агонь будзе гарэць у катэдры да 6 студзеня. У гэты час вернікі могуць прыходзіць і запальваць ад яго свечкі.

Штогод аўстрыйскія скауты бяруць агонь у месцы нараджэння Езуса Хрыста ад нязгаслай лампадкі ў базіліцы Раства Хрыстова ў Бэтлееме і дастаўляюць яго на самалёце ў Аўстрыю. Пасля ўрачыстасцей у катэдральным саборы ў Вене агонь перадаецца ў іншыя краіны. У Беларусь агонь прыбывае з беларуска-польскай мяжы, адкуль беларускія харцэры прывозяць яго найперш у гродзенскую катэдру. Адсюль Бэтлеемскае святло перадаецца ва ўсе іншыя храмы Беларусі. Таксама каля 10 год у Гродна прыбываюць расійскія скауты, якія адвозяць агонь на сваю Радзіму.