Skip to main content

Кс. Павел Аляскевіч: Пане Езу, зрабі маё сэрца паводле Твайго Сэрца

Новапасвечаны кс. Павел Аляскевіч зусім нядаўна атрымаў пасвячэнні прэзбітэрату. Пачатак святарскага шляху - магчыма, самы цудоўны перыяд, бо яшчэ шмат сіл, натхнення, яшчэ ўсё толькі пачынаецца, у галаве шмат розных ідэй і планаў, якія выношваліся падчас навучання ў семінарыі. Пакуль не вельмі думаецца пра цяжкасці і спакусы, якія абавязкова сустракаюць святара на ягоным шляху служэння. Мы віншуем кс. Паўла з пасвячэннямі і жадаем Божай падтрымкі ў святарстве. А ніжэй прапануем развагі маладога святара над некаторымі нашымі пытаннямі.

- Наколькі цяжка было ісці да гэтага дня – пасвячэння ў святары?

- Сучасная цывілізацыя глядзіць на ўсё так, што ўсе цудоўныя рэчы павінны адбывацца вельмі проста – па шчаўчку пальца. Аднак усё вартае – добры сужанец, пакліканне, любая добрая справа патрабуюць працы і старанняў. І гэта нармальна. Бог стварыў чалавека такім чынам, што штосьці вартае ён атрымлівае толькі на шляху нейкіх перашкод, высілкаў, каб чалавек гэта цаніў. І святарства тут не выключэнне. Гэта цяжкі шлях. Семінарыя з’яўляецца не звычайнай навучальнай установай, дзе даюцца толькі інтэлектуальныя веды, а своеасаблівай установай, дзе адбываецца ўздзеянне на чалавека комплексна: на яго душу, эмоцыі, характар, не толькі на інтэлект. Таксама семінарыя бярэ пад увагу не проста гісторыю канкрэтнага індывіда, але разглядае яго ў кантэксце чалавецтва, якое мае першародны грэх. І таму семінарыя спрабуе навучыць, што чалавек у сабе можа змяніць, і спрабуе навучыць яго прыняць тое, чаго чалавек змяніць не можа. А гэта няпросты шлях. Самае складанае тое, што трэба забыць, чаго чалавек хоча сам, і паставіць на першае месца волю Бога. У чалавеку сядзіць вялікае “Я”, якое заўсёды хоча чагосьці свайго і па-свойму. А трэба падвяргаць аналізу, ці хоча гэтага Бог. Але гэта не толькі ў святарстве. Гэта і ў сям’і, напрыклад, таксама.

- Якім святаром вы сябе ўяўляеце? Ці думалі пра гэта?

- Я сабе абраў такі дэвіз – “Госпадзе, зрабі маё сэрца паводле Твайго сэрца”. Мы вельмі часта чуем гэтыя словы, як, напрыклад, слова любоў. Але для мяне гэтыя словы галоўныя. Кожнае сэрца шукае любові, а сапраўдную любоў можа даць толькі Бог. А як перадаць гэтую любоў, можа сказаць толькі Госпад, бо Ён крыніца гэтай сапраўднай любові. То бок для мяне важна - вучыцца штодня станавіцца святаром паводле Сэрца Езуса. Я ўяўляю, што мой шлях будзе такім. Гэта працяг той дарогі, па якой ты пытаеш Бога, што Ён хоча.

- Сёння Касцёл знаходзіцца ў даволі складанай сітуацыі. Мы часта кажам пра секулярызацыю, пра шматлікія спакусы сучаснага свету. На Захадзе зачыняюцца храмы, не стае пакліканняў. Як вы збіраецеся адказваць на выклікі часу як святар?

- Тое, што на Захадзе зачыняюцца касцёлы, бо туды перастаюць хадзіць людзі, не кажа пра тое, што людзі перасталі мець патрэбу ў Богу, у любові, у разуменні. Гэтая людская патрэба стала выяўляцца ў наведванні псіхааналітыкаў, чытанні рознай адпаведнай літаратуры, акультнай у тым ліку. То бок не ідзе размова, што людзі напоўніліся духоўна і не маюць патрэбу ў Богу. Яны маюць гэты духоўны голад. Але сучасны свет прапануе столькі ўсяго, што чалавеку вельмі цяжка разгледзець за гэтым усім тое сапраўднае, што яго напоўніць абсалютным сэнсам. Мой адказ – нагадваць пра нязменныя і сталыя рэчы: споведзь, Камунія, адарацыя. Гэта Касцёл прапануе здаўна і ў гэтым чалавек сапраўды мае патрэбу. Нядаўна да нас прыязджаў з Польшчы духоўны айцец, які займаецца паняццямі псіхалогіі і духоўнага кіраўніцтва. Дык вось ён казаў, што сучасныя псіхааналітыкі могуць толькі дапамагчы чалавеку назваць яго праблему. А як яе лячыць, яны парадзіць не могуць. Таму заўсёды застаецца актуальнай Божая жыватворная любоў. Свядома ці падсвядома, але мы яе шукаем. Толькі застаецца пытанне, дзе і як мы яе шукаем.

- Дзякуй за размову!

Алеся Бяленік