Дзясятыя па ліку рэкалекцыі цвярозасці адбыліся ў Гродне з 30 лістапада па 2 снежня. У іх прыняло ўдзел агулам каля 100 чалавек. Больш за 30 гасцей прыехала з Вільні, Мінска, Браслава, Ваўкавыска, Шчучына, Смалявіч.
Дзесяць год таму ідэю правядзення такіх рэкалекцый прапанаваў ксёндз Яраслаў Грынашкевіч. Тады такія сустрэчы пачыналіся як дыяцэзіяльныя, праз некалькі гадоў яны сталі агульнабеларускімі і нават міжнароднымі.
Гэтыя рэкалекцыі аб’ядналі людзей, якія жывуць з праблемай алкагалізму і наркаманіі ўжо шмат гадоў і якія шукаюць шляхі ратавання ад гэтай страшнай хваробы. Падчас духоўных практыкаванняў у кожнага была магчымасць прыняць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, арганізаваных у межах рэкалекцый: св. Імшах. Крыжовым шляху, канферэнцыях, сходах груп узаемадапамогі для залежных і іх родных.
1 снежня кс. Юры Жэгарын правёў канферэнцыю, прысвечаную Году веры, і гэта невыпадкова, бо гэты год абвешчаны папам Бенедыктам XVI Годам веры. У многіх удзельнікаў рэкалекцый адкрыліся вочы на сутнасць Веры. Другую канферэнцыю правёў кс. Віталь Дабраловіч на тэму “Надзея і Міласэрнасць”.
Надзвычайным практыкаваннем духоўных сустрэч былі сустрэчы з музыкай і харавымі спевамі. У першы дзень рэкалекцый перад удзельнікамі выступіў хор “Sursum corda” з Гродна, а 1 снежня св. Імша суправаджалася выступам ансамбля “Ave” Гродзенскай ВДС.
Рэкалекцыі скончыліся св. Імшой, якую ўжо ў дзясяты раз праводзіў Яго Эксцэленцыя кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Пасля бласлаўлення ўсе ўдзельнікі рэкалекцый разам з біскупам і святарамі, узяўшыся за рукі, спявалі песню “Абба, Ойча”.
На падсумаванні вынікаў рэкалекцый усе ўдзельнікі выказалі ўдзячнасць арганізатарам рэкалекцый кс. Аляксандру Пятровічу. Таксама правядзенне гэтай духоўнай сустрэчы было б немагчымым без дапамогі і гасціннасці сясцёр назарэтанак. Вялікі дзякуй пробашчу пабрыгіцкага касцёла кс. Антонію Грэмзе за яго дапамогу і магчымасць правядзення св. Імшаў, Крыжовага шляху, падрыхтоўкі да сакраманту споведзі і споведзі ў такім утульным і цёплым касцёле. Дзякуй рэктару Гродзенскай ВДС ксяндзу пралату Юзафу Станеўскаму за яго дапамогу ў арганізацыі выступу гурта “Ave”.
Юрый Гапонік