Skip to main content

Семінарысты правядуць выязную акцыю паклікання і сведчання веры

У свята Хрыста Валадара Усяго Свету 25 лістапада клерыкі Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі паедуць у парафіі дыяцэзіі з традыцыйнай акцыяй паклікання. Асаблівасцю сёлетняга выезду будзе тое, што ў Год веры клерыкі будуць не толькі дзяліцца сведчаннем паклікання, але і будуць дзяліцца верай, т.ч. рэалізоўваючы нагадванне папы Бенедыкта XVI быць сведкамі веры для ўсіх людзей.

 -- У гэты Год веры нашыя алюмны будуць сведчыць веру, дзяліцца з ёю, асабліва з моладдзю, якая патрабуе пэўнага агеньчыку, якая часам нясмелая ў сваёй веры і якая патрабуе сведчанняў веры іншых маладых людзей, - распавёў кс. рэктар Юзаф Станеўскі. - мы хочам пабудзіць моладзь задумацца над сваёй верай, над сваім сэнсам жыцця і паразважаць над уласным пакліканнем. А будзе вера, то і пан Бог скіруе тады чалавека ў патрэбным для чалавека кірунку.

Семінарысты падчас гэтай акцыі паклікання зачытаюць зварот семінарыйнай супольнасці. Між іншага яны будуць дзякаваць за духоўныя і матэрыяльныя ахвяры.

У парафіі Ліда-Фара ў межах акцыі адбудзецца канцэрт семінарыйнага гурта "Ave". Сустрэча адбудзецца ў Гарадскім доме культуры а 15-й гадзіне.

Усіх сардэчна запрашаем!