Skip to main content

Асвячэнне крыжа і адпуст у Маствілішках (дададзены фотаздымкі)

На мінулым тыдні, ва ўрачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай, на тэрыторыі ашмянскай парафіі, кс. дзеканам Янам Пузынам быў адноўлены прыдарожны крыж у в. Маствілішкі.

Пасля ўрачыстага асвячэння крыжа адбылася адпустовая св. Імша ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай. Казанне сказаў кс. Станіслаў Пацына, які працытаваў словы бл. Яна Паўла ІІ “Марыю мы называем Маці Міласэрнасці, таму што яна з’яўляецца Маці Езуса (…). Стоячы пад крыжом, Марыя сталася Маці вучняў Хрыста, Маці Касцёла і ўсяго чалавецтва, Маці Міласэрнасці (…)”. Вастрабрамская Божая Маці ў цяжкіх хвілінах апекавалася сваім народам і кожны, хто прыязджаў у Вільню, асабіста наведваў капліцу Маці Божай. Стоячы перад копіяй цудадзейнай іконы мы, як калісьці нашыя дзяды і прадзеды, давяраем Божай Маці свае праблемы і клопаты, сваю радасць і смутак, – казаў святар.

На заканчэнне ўрачыстасці кс. дзекан падзякаваў жыхарам Маствілішак за добрае сведчанне і заклікаў іх, каб аб’яўлены ў каталіцкім Касцёле Год Веры быў часам адновы сувязей з Хрыстом, Яго Крыжом і Марыяй.

Кс. Валерый Аброшка