Skip to main content

Кс. Павел Салабуда: міні-футбол на карысць пакліканняў

 У чаканні такога выключнага спартыўнага мерапрыемства, як І Чэмпіянат Беларусі па міні-футболе сярод ксяндзоў, мы распыталі кс. Паўла Салабуду, аднаго з арганізатараў гульняў, пра ідэю і арганізацыю Чэмпіянату, а таксама пра развіццё "святарскага" міні-футбола ўвогуле.

- Кс. Павел, як і адкуль узнікла ініцыятыва І Чэмпіянату Беларусі па міні-футболе сярод ксяндзоў?

- Два гады таму мы ўдзельнічалі ў Чэмпіянаце Еўропы па міні-футболе сярод ксяндзоў. Тады гэта была каманда ксяндзоў з нашай дыяцэзіі, якая прадстаўляла ўсю Беларусь. У размовах мы пачулі, што амаль у кожнай краіне, адкуль былі іншыя ксяндзы, адбываюцца спаборніцтвы паміж дыяцэзіямі ў межах самой краіны. Так, напрыклад, палякі, партугальцы і харваты з года ў год з’яўляюцца фаварытамі, вельмі сур’ёзна падыходзяць да гэтага, а мясцовыя спаборніцтвы ў іх праходзяць на высокім узроўні, некаторыя са святароў нават гулялі ці гуляюць у сваіх лігах. Таму я тады падумаў, што нам у Беларусі таксама варта было б арганізаваць такі турнір. Тым больш, што я ведаю нашыя рэаліі і ўпэўнены, што ксяндзы адгукнуцца.

- Ці будзе Чэмпіянат праводзіцца стала? Хто падтрымлівае ў яго арганізацыі?

- Так, мы спадзяёмся, што ён будзе пастаянна адбывацца ў апошні тыдзень літургічнага года і кожны год будзе ў іншай дыяцэзіі. Перш за ўсё, мы атрымліваем падтрымку ад саміх ксяндзоў-удзельнікаў гэтага Чэмпіянату, за што ім вялікі дзякуй. Дыяцэзія-арганізатар таксама прымае ў гэтым непасрэдны ўдзел. У нашым выпадку ў арганізацыі мне вельмі дапамагаюць кс. Уладзімір Гуляй і кс. Артур Малафей, якім я таксама хачу выказаць вялікую падзяку. Калі хто-небудзь хоча нам дапамагчы і мае добрае сэрца і волю, то запрашаю. Напрыклад, праспансіраваць узнагароды для конкурсаў, якія прадугледжаны для гледачоў, альбо падарыць алюмнам семінарыі форму ці мячы. Ёсць шмат добрых планаў для рэалізацыі, таму запрашаю ўсіх да дапамогі.

- Якая ідэя Чэмпіянату?

- Перш за ўсё, увесь гэты турнір арганізаваны на карысць пакліканняў. Запрашаем усім жыхароў Ліды, а асабліва міністрантаў, каб кожны з іх мог убачыць, кім з’яўляецца святар, што гэта чалавек малітвы, душпастар, але таксама і чалавек, які, напрыклад, любіць спорт і да т.п. У праграме прадугледжаны шматлікія конкурсы для гледачоў і выступы гуртоў. Уваход у спартыўны комплекс бясплатны, таму сардэчна запрашаем. Усё распачнецца супольнай св. Імшой а 12-й гадзіне ў Фарным касцёле ў Лідзе, а пасля супольнай малітвы мы накіруемся ў спарткомплекс “Алімпія”. Аб сваім удзеле ў Чэмпіянаце ўжо паведаміў кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч, які, як мы ўсе добра ведаем, вельмі любіць спорт і сам ім займаецца.

- Колькі будзе ўсіх каманд? Гэта зборныя дыяцэзій?

- У I Чэмпіянаце будуць удзельнічаць 4 каманды. Гэта каманды святароў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай дыяцэзіі, Гродзенскай дыяцэзіі і каманда манахаў. Таксама ў межах Чэмпіянату адбудзецца матч алюмнаў ВДС у Пінску і Гродне.

- Як Вы ацэньваеце на сёння ўзровень развіцця, так бы мовіць, “святарскага” міні-футбола ў Беларусі?

- Развіццё нязначнае, але бачнае ўжо хаця б таму, што калі мы ў мінулым годзе ўдзельнічалі ў Чэмпіянаце ў Венгрыі, то занялі 9 месца сярод 11 каманд. Такая сустрэча святароў Беларусі бясспрэчна прынясе шмат добрага і для цела, і для душы. І я хачу таксама падкрэсліць, што справа тут не толькі ў тым, хто займе першае месца, але ў сустрэчы святароў з розных куткоў нашай краіны. На такой сустрэчы можна пагуляць у футбол, а можна таксама падзяліцца сваім асабістым душпастарскім вопытам і проста паразмаўляць.

- Ці ёсць планы паехаць на Чэмпіянат Еўропы?

- Так, у нас ёсць такія планы. На апошняй сустрэчы капітанаў каманд у Венгрыі я пацвердзіў, што каманда ксяндзоў з Беларусі ў 2013 годзе паедзе на Чэмпіянат, які адбудзецца ў Славеніі.

- Як Вам удаецца праводзіць трэніроўкі?

- Я ведаю, што ксяндзы з Віцебскай дыяцэзіі маюць нейкія трэнінгі, а што датычыцца нас, то мы трэніруемся кожны чацвер. Безумоўна, цяжка ўсім сабрацца, таму што ў кожнага з нас ёсць свае абавязкі, але час ад часу нам усё ж такі гэта неяк удаецца.

Я хачу ўсіх запрасіць 26 лістапада ў Ліду на супольную малітву, а таксама пабалець за ксяндзоў, якія прымуць удзел у Чэмпіянаце.

- Дзякуй за размову!

Здымкі з V Чэмпіяната Еўропы па міні-футболе сярод ксяндзоў можна паглядзець у нашай галерэі тут.