Skip to main content

У Гродне будуць пасвечаны 4 новыя святары

26 мая ў гродзенскай катэдры падчас св. Імшы а 12-й гадзіне 4 дыяканы атрымаюць святарскія пасвячэнні. Зараз будучыя святары перажываюць 5-дзённыя рэкалекцыі ў Сапоцкіна, якія будуць доўжыцца да 25 мая.


Рэкалекцыі вядзе духоўны айцец семінарыі кс. Тадэвуш Крыштопік. Гэтыя рэкалекцыі – клопат Касцёла аб як мага лепшай падрыхтоўцы да выканання рашэнняў і абавязкаў, звязаных з прыняццем сакраманту святарства. Такі момант з'яўляецца добрым падсумаваннем усяго часу падрыхтоўкі кандыдатаў. Падчас гэтых рэкалекцый дыяканы дзякуюць Богу за дар паклікання і моляцца ў інтэнцыі ўсіх людзей, якіх Бог паставіў на шляху іх паклікання. Клерыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі таксама будуць духоўна дапамагаць старэйшым братам, каб тыя атрымалі патрэбную дапамогу і дары Святога Духа ў плённым перажыванні рэкалекцый.

Просім аб малітве за дыяканаў, якія перажываюць гэтыя рэкалекцыі: Віталія Бяленіка (парафія НПМ Вастрабрамскай у Гродне), Яна Раманоўскага (парафія НПМ Ружанцовай у Радуні), Валерыя Спірыдона (парафія св. Космы і Дам'яна ў Астраўцы), Генрыка Яблоньскага (парафія св. Міхала Арханёла ў Ашмянах), а таксама за іх духоўнага айца. Няхай наша малітва дапаможа ім добра падрыхтавацца да святарскіх пасвячэнняў.

Паводле http://www.wsd.grodnensis.by/