Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі на Юбілей моладзі ў Рыме. Дзень дванаццаты

12rim 1

Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі ўдзельнічала ў пілігрымцы на святкаванне Юбілею моладзі, якое праходзіла ў Рыме з 28 ліпеня па 3 жніўня.

Дзень дванаццаты, 5 жніўня 2025 г.

Прачынаюся ў сапраўдным ложку, пад мяккай коўдрай – як жа добра! І зусім не верыцца, што гэта для звычайнага жыцця нармальна і штодзённа.

***

Сняданак у нашым гатэлі цудоўны: такой разнастайнасці страваў мае вочы, напэўна, яшчэ ніколі не бачылі – на любы густ і любую фантазію. Смаката!

***

Сядаем у аўтобус – зразумела, не без прыгод. Заўсёды знойдзецца хтосьці, хто нешта забудзецца ці спазніцца. Але галоўнае, што ніхто не згубіўся і ўсе занялі свае месцы. Наперад!

***

У Чэнстахову мы прыехалі крыху рана, і да Імшы ў нас быў час, каб пагуляць і зрабіць пакупкі ў дарогу. Там таксама здарылася невялікая неразбярыха. Спачатку мы дастаткова доўга шукаем уваход у касцёл, ходзячы нейкімі кругамі. Потым шукаем, дзе канкрэтна знаходзіцца абраз Маці Божай (я была там дастаткова даўно, каб у такой спешцы ўспомніць самастойна). У гэты момант, на шчасце, сустракаем нашых пілігрымаў і даведваемся, што Імша будзе ў іншым месцы. Бяжым ушанаваць абраз, а потым шукаць гэтую капліцу. На шчасце, у нас атрымліваецца знайсці гэтае месца своечасова.

***

Упершыню мы збіраемся ў аўтобусе раней за прызначаны тэрмін і, акрыленыя надзеяй, імчымся ў бок мяжы. Там мы будзем толькі вечарам ці нават бліжэй да ночы.

12rim 2

***

Чарга невялікая, і мы спадзяёмся хутка вярнуцца дадому.

Азіраючыся назад, лаўлю сябе на адчуванні, што ўсё гэта было толькі сном ці, іншымі словамі, усяго гэтага зусім не было…

І сумна, і радасна. Мне, калі шчыра, ужо хочацца вярнуцца. Вярнуцца ў цішыню. Таму радасці недзе ўнутры ўсё ж такі значна больш. Але прысутнічае і сум, бо гэтыя амаль два тыдні прынеслі шмат радасці і незабыўных уражанняў.

Я дакраналася да старажытанага горада, цешылася прыгажосцю стварэння, магла бачыць Папу і маліцца з ім, павышаць планку сваіх магчымасцяў, даведваючыся пра тыя, пра якія раней не мела паняцця, адкрываць прыгажосць іншага чалавека…

І ўсё гэта так цудоўна і здорава: вучыцца ўзаемадзейнічаць, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, успрыняцці свету, тэмпераменце, а часам і ў прыярытэтах.

Я ўдзячная Богу, які падарыў мне магчымасць гэтага досведу, ксяндзу Яўгену, які ўсё гэта так здорава арганізаваў, айцу Віктару і ксяндзу Віталію, якія так самаахвярна яму дапамагалі шліфаваць нашу дысцыпліну, маім сябрам, якія былі побач і часам цярпелі мяне ў не самыя лепшыя моманты гэтага падарожжа, і ўсім тым, каму гэты дзённік быў цікавы.

Спадзяюся, да будучых сустрэч!

Вікторыя Сідар