Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі на Юбілей моладзі ў Рыме. Дзень адзінаццаты

11rim 2

Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі ўдзельнічала ў пілігрымцы на святкаванне Юбілею моладзі, якое праходзіла ў Рыме з 28 ліпеня па 3 жніўня.

Дзень адзінаццаты, 4 жніўня 2025 г.

Ну і ночка! Днём пасля вяртання з Тор Вергата спалася выдатна, а вось начны сон быў вельмі складаны. І ў Вену мы прыязджаем дастаткова рана – недзе ў палове шостай раніцы. І ідзём гуляць!

***

Раннім ранкам горад ціхі і нешматлюдны. Амаль адразу заўважаем, што ровар тут вельмі папулярны від перамяшчэння. На кожным тратуары ёсць паласа для раварыстаў – зусім не вузейшая за тую, што для пешаходаў. І хуткасці тут таксама зусім не такія, як у нас: зазяваешся – і лёгка можаш трапіць пад кола.

***

Да 9.00 нам трэба быць на Імшы ў касцёле рэдэмптарыстаў. Наогул архітэктурны стыль венскіх святыняў – у асноўным готыка. Тая самая, сапраўдная, XV-XVI стагоддзяў.

11rim 1

***

Мяне асабліва захапіў сваёй веліччу галоўны касцёл Вены – св. Штэфана. Вышыня вострых скляпенняў і святло, якое пранікае скрозь вітражы, надаюць яго абліччу незвычайную ўзнёсласць.

***

Гуляючы, мы заходзім у касцёл св. Міхала. І ў гэты час у пустой святыні з ніадкуль раздаецца спеў. Спачатку жаночы голас, потым мужчынскі. У акустыцы святыні гэта гучыць так цудоўна, што сыходзіць не хочацца. Здаецца, слухаў бы і слухаў. Надзвычайна прыгожа!

***

У Вене маёй галоўнай марай было наведаць Імператарскую (Нацыянальную) бібліятэку. Але, на мой вялікі жаль, аказалася, што панядзелак тут выхадны.

11rim 3

***

Удосталь нагуляўшыся па сталіцы Аўстрыі і прыйшоўшы да высновы, што гэтае месца выклікае ўнутры не цеплыню, а хутчэй хаос ад людзей, якія вечна кудысьці бягуць, мы вяртаемся на месца збору.

***

Аўтобус нам ужо як дом родны, і мы хуценька займаем свае месцы. Дарога да Брно недалёкая. Але тут пачынаецца самае цікавае за гэты дзень – вялізная блытаніна з гатэлямі. У выніку, калі адна частка пілігрымаў ужо паспела засяліцца і пайсці гуляць па горадзе, другая (у ёй і мы) яшчэ нават не ведала, дзе будзе начаваць.

***

Гатэль, у які нас у выніку засялілі, круты і зручны. Асабліва пасля тыдня сну на падлозе. Нават не верыцца, што сёння ў нас будзе ложак!

І яшчэ больш не верыцца, што заўтра мы будзем яшчэ бліжэй да дому.

Вікторыя Сідар