23-24 лютага ў Гродне адбылася фармацыйная сустрэча для катэхетаў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.
Як і раней, сустрэчу арганізаваў Аддзел каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі.
У межах мерапрыемства адбыліся канферэнцыі, з якімі выступіў кс. Павел Раманоўскі, дэкан Ашмянскага дэканату і пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках. Нагадаўшы, што Юбілейны 2025 год у Каталіцкім Касцёле праходзіць пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”, святар адзначыў, што катэхеты павінны быць “апосталамі надзеі”, імкнуцца, каб іх жыццё сведчыла маладому пакаленню, рэлігійным выхаваннем якога яны займаюцца, аб веры і любові.
Таксама на сустрэчы выступіў вікарый лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа кс. Андрэй Скамарошка. Ён адзначыў, што катэхізацыя ў сучасным свеце павінна быць дынамічнай, адкрытай на дыялог і на змены. На думку святара, толькі такім чынам можна ўсталяваць з маладымі людзьмі кантакт і дапамагчы ім знайсці шлях да Бога.
У другі дзень сустрэчы ўдзельнікаў прывітаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Ён падкрэсліў, што дзякуючы служэнню катэхетаў Евангелле можа абвяшчацца многім маладым людзям. “Вы – неабходны знак і голас Касцёла ў вашых парафіях. Вы вельмі важныя, бо ваша служэнне – гэта найперш пакліканне! Узяўшы на сябе катэхетычную працу, вы адказалі на Божы заклік. Гэта рэальнасць, якую нельга цалкам выказаць словамі. Яна ўводзіць кожнага катэхета ў глыбокія адносіны любові з Хрыстом, Боскім Настаўнікам”, – сказаў іерарх.
Акрамя таго, у праграме сустрэчы была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, удзельнікі маглі прыступіць да споведзі.
Завяршылася сустрэча Імшой, якую ўзначаліў біскуп Уладзімір Гуляй у касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. На літургіі іерарх маліўся за ўсіх катэхетаў дыяцэзіі.
У гаміліі біскуп звярнуў увагу на тое, што катэхету варта імкнуцца быць “чалавекам малітвы і посту”. Гэта, на думку іерарха, вельмі важна, “акрамя добра падрыхтаванай лекцыі і шматлікіх прыгожых слоў пра веру і Бога, калі мы хочам праз катэхізацыю прывесці вучняў да крыніцы Жыцця, абараніць іх ад спакусаў”.
Іерарх адзначыў, што Юбілейны год запрашае да “глыбейшага пазнання таямніцы надзеі, якая з’яўляецца фундаментам нашай веры і катэхетычнай місіі”. “Надзея, якую мы нясём у Хрысце, – гэта не такая надзея, якая можа расчараваць, а такая, якая вядзе нас да паўнаты жыцця і супакою”, – сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне. Ён дадаў, што гэты год “павінен наблізіць нас да Бога, яднаць у надзеі і нагадаць, што ў Касцёле мы ўсе з’яўляемся пілігрымамі”.
Біскуп падкрэсліў, што катэхеты не толькі перадаюць веды пра Бога, але і фармуюць надзею ў сэрцах маладых людзей. Па яго словах, місія катэхетаў – настаўнікаў і правадыроў у веры – “не толькі навучаць, але і быць сведкамі надзеі, якую дае Бог”.
Іерарх заахвоціў катэхетаў прысвяціць у гэтым годзе час на паглыбленне асабістых адносін з Богам. “Надзея, якую мы маем у Хрысце, – гэта не нешта абстрактнае, а тое, што датычыцца нашых сэрцаў і нашага штодзённага жыцця”, – сказаў біскуп. Ён заклікаў “дапамагаць вучням адкрываць гэтую надзею ў Святым Пісанні, сакрамэнтах, малітве, служэнні бліжнім”, “паказваць ім, што надзея не толькі прысутнічае тады, калі ўсё ідзе добра, але і падтрымлівае ў цяжкія моманты”. Таксама ён параіў катэхетам арганізоўваць супольныя малітвы, рэкалекцыі, пілігрымкі, якія б давалі вучням магчымасць адчуць Божую прысутнасць і надзею.
Біскуп пажадаў, каб у гэтым годзе катэхеты паглыбілі сваю веру і дапамаглі іншым знайсці ў Богу крыніцу надзеі, каб усе іх урокі і размовы з вучнямі былі “прасякнуты надзеяй, якую прыносіць Хрыстус”.
У канцы сустрэчы біскуп выказаў удзячнасць яе арганізатарам – Аддзелу каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі на чале з дырэктарам а. Андрэем Шчупалам CSsR, падзякаваў катэхетам за ўдзел і за іх дзейнасць.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі