Skip to main content

"Марыя – наша Каралева”: з Гродна вырушыла пешая пілігрымка ў Тракелі

grodnotrokele 7Раніцай 7 ліпеня з Гродна на ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях вырушыла 26-я пешая пілігрымка.

У шлях да Маці Божай адправіліся каля 250 вернікаў.

Перад выхадам пілігрымкі ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Гамілію прамовіў кіраўнік пілігрымкі кс. канонік Антоні Грэмза. Ён назваў пілігрымку асаблівым часам і выйсцем з зоны камфорту і дадаў, што пасля такога выйсця пачынаецца сапраўднае жыццё чалавека.

Па словах ксяндза Антонія, пасля пілігрымкі чалавек змяняецца, калі адкрываецца на ласку. Нагадаў ён і пра тое, як важна мець жывыя адносіны з Богам, пра тое, што для чалавека “Бог не можа быць звычкай, да Яго немагчыма прызвычаіцца”.

grodnotrokele 2

Святар адзначыў, што пілігрымка асацыюецца з радасцю, супакоем, надзеяй, з іншага боку – са стомленасцю і мазалямі, а таксама з Найсвяцейшай Паннай Марыяй. “Марыя, наша Каралева, маліся за нас і вядзі да неба”, – з такімі словамі малітвы звярнуўся кіраўнік пілігрымкі да Маці Божай.

Біскуп Кашкевіч у канцы Імшы ўдзяліў благаслаўленне тым, хто вырушыў у гэты шасцідзённы шлях.

Маршрут пілігрымкі, які будзе праходзіць праз лясы і палі, вёскі і гарады, наступны: Гродна – Парэчча – Новы Двор – Забалаць – Радунь – Жырмуны – Тракелі.

У межах урачыстасцяў у дыяцэзіяльным санктуарыі, дэвіз якіх “Марыя – наша Каралева”, будзе святкавацца юбілей 15-годдзя з часу каранавання цудадзейнага тракельскага абраза. 5 ліпеня 2009 года кардынал Казімір Свёнтэк усклаў на абраз папскія кароны.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Ангеліна Целеш