20 лютага ў лідскай парафіі Святой Сям’і прайшоў дзень засяроджання для духавенства Гродзенскай дыяцэзіі.
Сустрэчу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Праграма сустрэчы ўключала набажэнства Крыжовага шляху, якое правёў духоўны айцец святароў Гродзенскай дыяцэзіі а. Андрэй Шчупал CSsR, канферэнцыю, з якой выступіў пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы (дэканат Гродна-Захад) кс. Тадэвуш Крыштопік, малітву перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Удзельнікам сустрэчы паведамілі аб смерці кс. Яна Гавецкага, які адышоў у вечнасць у бальніцы ў Гродне пасля цяжкай хваробы. З гэтай нагоды на Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі, прысутныя святары маліліся аб збаўленні душы свайго спачылага сабрата.
У гаміліі пробашч парафіі Хрыста Валадара Сусвету ў Азёрах (дэканат Гродна-Усход) а. Томаш Ксянжкевіч CMF казаў пра значэнне малітвы.
У канцы літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуў увагу на тры вымярэнні, якія, па яго словах, кожнаму святару трэба пастаянна развіваць у сваім жыцці: радасць Евангелля, прыналежнасць да Божага народу і велікадушнасць служэння.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне пажадаў святарам шмат сіл, патрэбных у час Вялікага посту для абвяшчэння Божага слова і яднання вернікаў з Панам у сакрамэнтальнай споведзі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі