29 лістапада ў Гродне адбылося ўрачыстае мерапрыемства ў гонар 230-годдзя з часу заснавання евангелічна-лютэранскай супольнасці і 30-годдзя яе сучаснага жыцця.
Урачыстая сустрэча прайшла ў кірсе святога Яна – адзінай дзейнай лютэранскай святыні Беларусі. У ёй удзельнічаў таксама кс. Алег Пятрашка, дырэктар дыяцэзіяльнай Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі.
Святар перадаў ад імя біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча віншаванні з нагоды юбілейных урачыстасцяў.
Гасцей мерапрыемства прывітаў пастар Уладзімір Татарнікаў, які падзякаваў усім прысутным за ўклад у развіццё лютэранскай супольнасці ў Гродне. Пастар падкрэсліў, што кірха св. Яна стала не толькі значнай культурна-гістарычнай кропкай горада, але і цэнтрам беларускага лютэранства.
Непаўторную атмасферу юбілейнай урачыстасці надаў канцэрт арганнай музыкі ў выкананні артыстаў Гродзенскай капэлы. У праграме прагучалі творы Баха, Гендэля, Лучанка і Цымера.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі